8 чэрвеня ў Вашынгтоне ў Камітэце міжнародных 
                      адносінаў Сэнату ЗША адбыліся грамадзкія слуханьні, прысьвечаныя 
                      ролі няўрадавых арганізацыяў у разьвіцьці дэмакратыі. Падчас 
                      слуханьняў, у якіх узялі ўдзел старшыня камітэту сэнатар 
                      Лугар, а таксама сэнатары Байдэн і Марцінэз, вялікая ўвага 
                      была нададзена становішчу грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. 
                     У сваім ўступным слове сэнатар Лугар адзначыў, што падтрымка 
                      дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў ва ўсім сьвеце зьяўляецца 
                      адным з прыярытэтаў зьнешняй палітыкі ЗША. У той жа час, 
                      урады шэрагу краінаў ствараюць прававыя перашкоды для аказаньня 
                      дэмакратычнай дапамогі. Улады Расеі, Беларусі, Казахстану, 
                      Таджыкістану і Ўзбэкістану аказваюць усё большы ціск на 
                      мясцовыя і міжнародныя грамадзкія арганізацыі ў гэтых краінах. 
                     
                    Намесьнік памочніка Дзяржсакратара па дэмакратыі, правах 
                      чалавека і працы Бэры Ловэнкран падкрэсьліў, што ўрад Лукашэнкі 
                      шырока выкарыстоўвае падатковыя інспэкцыі і ўводзіць новыя 
                      патрабаваньні па рэгістрацыі дзеля таго, каб абмежаваць 
                      магчымасьці легальнай працы для грамадзкіх аб'яднаньняў, 
                      незалежных мэдыя, палітычных партыяў, рэлігійных суполак 
                      і арганізацыяў этнічных меншасьцяў.  
                    Прэзыдэнт Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі Карл 
                      Гершмэн засьведчыў, што нават у надзвычайна неспрыяльных 
                      ўмовах, калі пераважная большасьць грамадзкіх аб'яднаньняў 
                      зьяўляюцца незарэгістраванымі, а незалежныя газэты вымушаны 
                      друкавацца за межамі краіны, у Беларусі працягвае існаваць 
                      вельмі актыўны дэмакратычны рух. Ён падкрэсьліў, што нягледзячы 
                      на ўсе перашкоды, урад ЗША і амэрыканскія няўрадавыя арганізацыі 
                      павінны працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі. 
                     
                     
                     
                    Ірына Віданава 
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |