Удзельнікі акцыі патрабуюць спыніць перасьлед 
                      апазыцыйнай моладзі, вернікаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. 
                      Галадаюць дзесяць чалавек. 13 галадоўнікаў ад сёньняшняга 
                      дня спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва незарэгістраванай 
                      арганізацыі «Малады фронт». Аляксандар Мілінкевіч наведаў 
                      галадоўнікаў і заклікаў іх ад імя аб’яднанай дэмакратычнай 
                      апазыцыі спыніць акцыю. Але моладзь пакуль працягвае галадоўку. 
                     Дзевяць галадоўнікаў знаходзяцца разам у адной кватэры 
                      ў Менску. Алесь Зарамбюк трымае галадоўку ў Мастах. 13 чалавек 
                      спынілі ўдзел у акцыі пратэсту на просьбу кіраўніцтва «Маладога 
                      фронту» з-за стану здароўя.  
                    У некаторых галадоўнікаў стан здароўя пагоршыўся. Лекар 
                      рэкамэндаваў ім лекі, а таксама распавёў, як галадоўка можа 
                      адбіцца на здароўі.  
                    Аляксандар Мілінкевіч заклікаў удзельнікаў акцыі ад імя 
                      аб’яднаных дэмсілаў спыніць галадоўку.  
                    (Мілінкевіч: ) «Я лічу, што гэта лепшыя зь лепшых, мужныя 
                      маладыя людзі, якія могуць за сябе пастаяць. Пакуль што 
                      ня так шмат людзей у Беларусі, якія могуць пастаяць за свой 
                      гонар і за сваё права. Але, шчыра кажучы, вось у мяне ліст 
                      ад кааліцыі, у якую таксама і «Малады фронт» уваходзіць, 
                      у якім да іх зьвяртаюцца з просьбай спыніць галадоўку». 
                     
                    Іна Кулей і Людміла Гразнова таксама прасілі ўсіх удзельнікаў 
                      акцыі спыніць галадоўку. Яны распавялі, што ўчынак маладафронтаўцаў 
                      ужо дасягнуў мэты — пра акцыю і патрабаваньні моладзі ведаюць 
                      ня толькі ў беларускім грамадзтве. Іна Кулей паведаміла 
                      хлопцам, што іх цяпер вельмі не хапае, бо трэба шмат чаго 
                      рабіць. Аляксандар Мілінкевіч папрасіў удзельнікаў акцыі 
                      абмеркаваць ягоную просьбу.  
                    Галадоўнікі месьцяцца ў двух пакоях арандаванай кватэры. 
                      Яны ляжаць на надзіманых матрацах. Хлопцы шкадуюць, што 
                      ў іх няма тэлевізара і радыёпрыймача, каб слухаць «Свабоду». 
                      У кватэры ёсьць кампутар, але няма выхаду ў інтэрнэт. Калі 
                      хлопцы ўбачылі каля пад’езду здымачную групу БТ, то падышлі 
                      да яе.  
                    Гаворыць Зьміцер Дашкевіч:  
                    (Дашкевіч: ) «Чытаем кнігі. Няма ў нас інтэрнэту. Але ў 
                      нас няма й прыймача, і мы ня маем магчымасьці слухаць Радыё 
                      Свабода. Мы пакуль не зьбіраемся спыняць акцыю, бо лічым, 
                      што яшчэ можам уздымаць у грамадзтве гэтую хвалю, гэтыя 
                      праблемы, патрабаваньні, якія мы выстаўляем».  
                    Іра Завадзкая галадае восьмыя суткі. Яна кажа, што яе маці 
                      вельмі непакоіцца.  
                    (Завадзкая: ) «Мая маці, як і ўсе маці, хвалюецца за мяне, 
                      зразумела. Але яна таксама разумее, бачыць у гэтым нейкі 
                      сэнс, хаця й ня ўпэўненая ў выніку. Яна мяне падтрымлівае. 
                      Ну, са словамі: «Асьцярожней, глядзі там, калі што, то адразу 
                      ж сыходзь».  
                    Увесь час у кватэру прыяжджаюць палітыкі й прадстаўнікі 
                      грамадзкасьці, каб выказаць падтрымку галадоўнікам. Маладафронтаўцы 
                      паведамілі «Свабодзе», што будуць ладзіць флэш-мобы амаль 
                      штодня, каб прыцягваць увагу грамадзкасьці да сваіх патрабаваньняў. 
                     
                     
                      Любоў Лунёва 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                     |