Такі вырак па сканчэньні разгляду крымінальнае 
                      справы, ініцыяванай аршанскай пракуратурай, вынесла судзьдзя 
                      Тацяна Рыбакова. Суд прызнаў Мікалая Разумава вінаватым 
                      паводле 367-га артыкулу Крымінальнага кодэксу на падставе 
                      выказваньняў сьведкаў і відэазапісу сустрэчы выбарцаў з 
                      Аляксандрам Мілінкевічам 24-га лютага. 
                     На відэастужцы, зьнятай апэратарам мясцовай тэлекампаніі 
                      «Скіф» Сяргеем Яўсеевым, зафіксавана прамова спадара Разумава, 
                      які публічна казаў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка мае 
                      дачыненьне да зьнікненьня Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара, 
                      што й было кваліфікавана судом як «паклёп на прэзыдэнта». 
                     
                    Паводле вынікаў псыхіятрычнай экспертызы ў менскай клініцы 
                      Навінкі, падсудны на той момант быў у цалкам сьвядомым стане, 
                      хаця на судзе ён заявіў, што ня памятае ні тае сустрэчы, 
                      ні ўвогуле падзеяў таго дня, і таму сваёй віны не прызнае. 
                     
                    Ад 14-га сакавіка спадар Разумаў знаходзіўся пад вартай, 
                      і толькі пасьля сёньняшняга суду яго адпусьцілі дахаты. 
                      Цяпер ён мусіць чакаць на позву, у якой будзе пазначанае 
                      месца ягонага пакараньня – «абмежаваньня волі ва ўстанове 
                      адкрытага тыпу», інакш кажучы, на «хіміі».  
                    Гэты працэс выклікаў шарокі рэзанас у Воршы, дзе Мікалая 
                      Разумава ведаюць найперш як вядомага рабочага лідара, які 
                      на пачатку 1990-х гадоў заклікаў працаўнікоў мясцовых прадпрыемстваў 
                      выйсьці на рэйкі на знак нязгоды з сытуацыяй у краіне, арганізаваўшы 
                      такім чынам першыя працоўныя страйкі на Беларусі.  
                     
                     
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |