Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі пачаў стварэньне 
                      фундацыі дапамогі дэмакратычным зьменам у краінах былога 
                      СССР. Фундацыя ня будзе супрацоўнічаць з афіцыйнымі беларускімі 
                      ўладамі, але дапамога Беларусі — гэта адзін з прыярытэтных 
                      накірункаў у будучай дзейнасьці гэтай арганізацыі. 
                     Праект закону аб стварэньні фундацыі Падтрымкі супрацоўніцтва 
                      ўжо перададзены ў Сэйм — Лех Качыньскі спадзяецца, што гэтая 
                      арганізацыя пачне працу ўжо ў студзені 2007 году. Плянуецца, 
                      што на выкананьне статутных мэтаў у наступным годзе фундацыя 
                      атрымае 20 мільёнаў злотых, гэта каля 6,5 мільёнаў даляраў 
                      — толькі зь дзяржаўнага бюджэту, а паводле статуту магчымыя 
                      таксама і ахвяраваньні ад прыватных асобаў.  
                    Новая фундацыя перадусім будзе займацца перадачай досьведу 
                      польскіх пераменаў краінам былога Савецкага Саюзу — у першую 
                      чаргу Ўкраіне і Беларусі — і ўзмацняць імідж Польшчы як 
                      пасярэдніка паміж Усходам і Захадам.  
                    Будуць ладзіцца шматлікія стажыроўкі для грузінаў, украінцаў, 
                      беларусаў, каб яны маглі пабачыць, як функцыянуе дэмакратыя 
                      ў Польшчы, як працуе дзяржаўны апарат і як дзейнічае сыстэма 
                      кантролю за ўладай.  
                    Эльжбэта Якубяк, кіраўнічка кабінэту прэзыдэнта Польшчы, 
                      заявіла журналістам, што пры гэтым фундацыя ня будзе супрацоўнічаць 
                      з афіцыйнымі беларускімі ўладамі, але паспрабуе «як мага 
                      большай колькасьці беларусаў — і апазыцыянэраў, і не зьвязаных 
                      з апазыцыяй — паказаць, як функцыянуе нармальная дэмакратычная 
                      дзяржава».  
                      Стварэньне фундацыі Падтрымкі супрацоўніцтва — гэта першы 
                      настолькі буйны праект польскай дзяржавы накіраваны на дапамогу 
                      дэмакратызацыі былых краінаў СССР. 
                     
                     
                      Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |