Напрыканцы тыдня ў Магілёве прайшоў сход 
                      мясцовых лідэраў дэмакратычных партый і грамадзкіх аб'яднаньняў. 
                      Удзельнікі сходу, якія прадстаўлялі шэсьць дэмакратычных 
                      партый і дзесяць грамадзкіх аб'яднаньняў, прагаласавалі 
                      за праект пагадненьня пра стварэньне Магілёўскай гарадзкой 
                      рэгіянальнай ініцыятывы грамадзка-палітычных сілаў і зацьвердзілі 
                      склад адпаведнай рэдакцыйнай камісіі.Новая грамадзкая кааліцыя 
                      плянуе каардынаваць дзейнасьць дэмакратычных сілаў на выбарах 
                      ў мясцовыя Саветы. 
                     У сходзе бралі ўдзел прадстаўнікі пяці вядучых партый 
                      кааліцыі «Пяцёрка плюс», Беларускай сацыял-дэмакратычнай 
                      партыі Грамада ды большасьці мясцовых грамадзкіх аб'яднаньняў. 
                      Арганізатары сходу, лідэры тамтэйшых філій незарэгістраванай 
                      партыі Свабоды і прагрэсу і Аб'яднанай грамадзянскай партыі 
                      Аляксандар Сілкоў і Сяргей Стральцоў заявілі, што магілёўская 
                      ініцыятыва ствараецца як рэгіянальная ініцыятыва, якая мусіць 
                      паспрыяць посьпеху на выбарах у мясцовыя Саветы.  
                    Удзельнікі сходу казалі, што на прэзыдэнцкіх выбарах яны 
                      падзяліліся на прыхільнікаў Мілінкевіча і Казуліна, а цяпер 
                      будуць весьці эфэктыўную выбарчую кампанію ў тых акругах, 
                      дзе будуць вылучацца іхныя кандыдаты, апярэджваючы ўлады, 
                      прапаноўваць свае шляхі вырашэньня праблем. Наша ініцыятыва, 
                      адзначыў ва ўступным слове Аляксандар Сілкоў, працягвае 
                      традыцыі папярэдняга аб'яднаньня магілёўскіх дэмакратычных 
                      сілаў — «Магілёўскай альтэрнатывы».  
                    Паводле праекта кааліцыйнага пагадненьня, удзельнікамі 
                      ініцыятывы могуць стаць усе палітычныя партыі, прафсаюзы, 
                      грамадзкія аб'яднаньні, якія падзяляюць прынцыпы дэмакратыі, 
                      прававой і незалежнай беларускай дзяржавы і інтэграцыі ў 
                      эўрапейскую супольнасьць. Рэгіянальная кааліцыя ствараецца 
                      дзеля каардынацыі сумесных дзеяньняў яе ўдзельнікаў, абмену 
                      досьведам, вядзеньня эфэктыўнай выбарчай кампаніі і пошуку 
                      хаўрусьнікаў, найперш — моладзі.  
                    Па папярэдняй дамоўленасьці ў склад рэгіянальнай ініцыятывы 
                      ўвайшлі мясцовыя філіі партый кааліцыі «Пяцёрка плюс», Беларускай 
                      сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», моладзевыя 
                      арганізацыі, якія дзейнічаюць пад эгідай гэтых партый. Апроч 
                      таго — яшчэ некалькі грамадзкіх аб'яднаньняў, якія будуць 
                      мець права дарадчага голасу. Канчатковы тэкст пагадненьня 
                      і рэглямэнт кааліцыі будзе зацьверджаны напрыканцы чэрвеня. 
                      Удзельнікі сходу пагадзіліся, што ініцыятыва ствараецца 
                      як рэгіянальная кааліцыя і ня ёсьць формай руху «За свабоду». 
                     
                     
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |