У Маскоўскім судзе Менску вызначыліся з 
                      днём пачатку працэсу над Аляксандрам Казуліным, якога трымаюць 
                      пад вартай ужо болей за тры месяцы. Тым часам беларускія 
                      праваабаронцы выказваюцца за тое, каб экс-кандыдата на прэзыдэнта 
                      прызналі ў сьвеце вязьнем сумленьня. 
                     6 ліпеня ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца працэс над 
                      былым кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, якога 
                      падазраюць у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. 
                      Пра гэта адвакату Казуліна Ігару Рынкевічу паведамілі сёньня, 
                      28 чэрвеня, у канцылярыі суду. Між тым, пастанову судзьдзі 
                      Аляксея Рыбакова аб пачатку працэсу адвакаты палітыка яшчэ 
                      не атрымалі, таму ня могуць сказаць, як судзьдзя паставіўся 
                      да іхнага хадайніцтва аб дасудовым вызваленьні з-пад варты 
                      Казуліна пад падпіску аб нявыезьдзе. Адвакаты перакананыя, 
                      што падставаў, каб зьмяніць Аляксандру Казуліну меру стрыманьня, 
                      болей чым дастаткова.  
                    (Рынкевіч: ) «Гэтыя два злачынствы аднесеныя да меней цяжкіх, 
                      паводле такіх абвінавачаньняў звычайна да суду трымаюць 
                      на падпісцы аб нявыезьдзе. Да таго ж гэта вельмі вядомы 
                      чалавек. За яго 222 чалавекі паручыліся й дзясяткі тысяч 
                      падпісалі пэтыцыю на імя генэральнага пракурора з просьбай 
                      аб вызваленьні».  
                    Тым часам праваабаронцы са зьліквідаванай уладамі арганізацыі 
                      «Прававая дапамога насельніцтву» зьвярнуліся ў міжнародную 
                      арганізацыю «Міжнародная амністыя» з просьбай прызнаць Аляксандра 
                      Казуліна вязьнем сумленьня. На думку праваабаронцы Алега 
                      Воўчака, калі такое рашэньне будзе прынятае да пачатку суду, 
                      гэта значна дапаможа ў абароне Аляксандра Казуліна.  
                    (Воўчак: ) «Ён будзе адчуваць сябе ў большай бясьпецы на 
                      волі, а выпусьціць яго могуць толькі калі да абароны Казуліна 
                      далучыцца міжнародная грамадзкасьць, у тым ліку арганізацыя 
                      «Міжнародная амністыя».  
                    Усе ранейшыя хадайніцтвы да сьледчых аб зьмене меры стрыманьня 
                      для Аляксандра Казуліна не былі задаволеныя, а лісты падтрымкі 
                      з боку грамадзкасьці заставаліся без адказу.  
                    Аляксандар Казулін быў затрыманы 25 сакавіка пасьля гвалтоўнага 
                      спыненьня міліцыяй шэсьця мірных дэманстрантаў да турмы 
                      на вуліцы Акрэсьціна, дзе ў той час трымалі болей за 500 
                      прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. Пры затрыманьні Аляксандар 
                      Казулін, як ён сьцьвярджае, быў моцна зьбіты. У менскай 
                      міліцыі кажуць, што падчас разгону дэманстрантаў пацярпела 
                      некалькі супрацоўнікаў АМАПу 
                     
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |