Справу грамадзкай незарэгістраванай арганізацыі 
                      «Партнэрства» маюць разглядаць у судзе Цэнтральнага раёну 
                      Менску 20 ліпеня. Тым часам, адвакаты зьняволеных актывістаў 
                      працягваюць аспрэчваць неабходнасьць іх утрыманьня пад арыштам. 
                     Пакуль што афіцыйнага паведамленьня ад судзьдзі Ясіновіча 
                      не было, ён — у адпачынку. Дату суду паведаміла сакратарка 
                      судзьдзі Ясіновіча.  
                    Актывістаў «Партнэрства» абвінавачваюць ва ўдзеле у незарэгістраванай 
                      арганізацыі і ў замаху на правы грамадзянаў. Аляксандар 
                      Шалайка, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Цімафей Дранчук 
                      знаходзяцца пад арыштам з 21 лютага.  
                    Сваякі арыштаваных лічаць, што менавіта перад судом маладзёнам 
                      мусяць зьмяніць меру стрыманьня. Гаворыць бацька Цімафея 
                      Дранчука Валеры:  
                    (Дранчук: ) «Мы зараз выбіраем усе сродкі, каб абараніць 
                      нашых дзяцей. Абараніць — гэта значыць вызваліць іх з-пад 
                      варты да суда. Самы складаны пэрыяд. Сьледзтва скончана, 
                      знаёмства з матэрыяламі скончана. Я не разумею — чаго тут 
                      баяцца. Цімафей пад час нашага спатканьня сказаў: «Я не 
                      зьбіраюся хавацца, зьбягаць, уцякаць. Я хачу абараняць і 
                      даказваць сваю невінаватасьць у судзе! Калі я буду зьбягаць 
                      – гэта будзе азначаць прызнаньне маёй віны».  
                    Маці Эніры Браніцкай, спадарыня Віялета, днямі мела першае 
                      цягам 4-х месяцаў спатканьне з дачкой. Нядаўна Эніру перавялі 
                      са сьледчага ізалятару КДБ у турму на вуліцы Валадарскага. 
                      Спадарыня Віялета кажа, што вялікім выпрабаваньнем для Эніры 
                      зьявілася тое, што яна не паліць.  
                    (Віялета: ) «Сем чалавек у камеры паляць па пачаку цыгарэт 
                      на дзень. Яна выпрасіла ў іх 20 хвілін на дзень, калі яны 
                      не паляць — пакуль яна «качае» прэс. Падчас прагулкі яна 
                      робіць зарадку. А потым, у камэры, «качае» прэс. Запыталася 
                      ў яе: «А цягам дня ляжаць вам можна? Пад’ём жа ж а 6 ранку». 
                      Кажа: гледзячы, якая зьмена аховы. Пры некаторых — можна. 
                      Пры некаторых – нельга».  
                    Спадарыня Віялета кажа, што Эніра — моцная асоба і знаходзіць 
                      розныя сродкі падтрымаць моц духу нават у гэткіх умовах. 
                     
                    (Віялета: ) «Малюе ўвесь час. Караблікі розных канфігурацый… 
                      Жывёлінаў розных малявала… Увесь час шукае матывы для сваіх 
                      малюнкаў. Вежу нядаўна даслала — нават у фарбах вежу. Раней, 
                      калі ў КДБ яна была, то ўсё ў фарбах малявала – у яе суседкі 
                      былі фарбы. А цяпер — алоўкам малюе».  
                    Цімафея Дранчук імкнецца зрабіць неабходныя працы для дыстанцыйнага 
                      навучаньня ў Эўрапэсйкім Гуманітарным Унівэрсытэце. Але 
                      цяпер, ва ўмовах сьпякоты, піша ён у лістах, пакутліва проста 
                      ляжаць — ня тое, што працаваць над кантрольнымі. Валеры 
                      паспрабаваў перадаць сыну ў камэру вэнтылятар:  
                    (Дранчук: ) «Затэлефанаваў у адміністрацыю сьледчага ізалятара 
                      КДБ сёньня, запытаўся, ці магу я перадаць вэнтылятар Цімафею. 
                      Нехта Мікалай Васільевіч сказаў, што гэта вялікая раскоша. 
                      Маўляў, можа яшчэ і пральную машыну перадаць наступным разам?» 
                    Дзякуючы Аляксандру Сакалову, загадчыку сьледчага ізалятару, 
                      дазвол на перадачу вэнтылятара Валеры Дранчук атрымаў. 
                      
                    Радыё Свабода  
                      
                     
                     
                     |