Сёньня ў Кастрычніцкім судзе Горадні адбыліся 
                      спрэчкі бакоў па крымінальнай справе супраць ваўкавыскага 
                      прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і дырэктара фірмы «Ніка-транс» 
                      Юрыя Лявонава. Пракурор прапанаваў пасадзіць Мікалая Аўтуховіча 
                      на 3 гады і 6 месяцаў, а ягонага калегу Юрыя Лявонава — 
                      на 3 гады і 5 месяцаў. 
                     Дзяржаўны абвінаваўца Яўген Шчарбак выступіў з прамовай. 
                      Паводле яго, пад час судовага сьледзтва была даказаная вінаватасьць 
                      абодвух: Аўтуховіч з дапамогай Лявонава ўхіляўся ад выплаты 
                      падаткаў, ажыцьцяўляў перавозку пасажыраў і багажу, не рэгіструючы 
                      камэрцыйную фірму, не атрымліваючы адпаведную ліцэнзію. 
                      У выніку для мясцовага бюджэту былі нанесеныя страты ў асабліва 
                      буйным памеры.  
                    Я.Шчарбак прапанаваў зьняволіць Мікалая Аўтуховіча на 3 
                      гады 6 месяцаў ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама канфіскаваць 
                      ягоную маёмасьць і забараніць яму 5 гадоў займацца прадпрымальніцкай 
                      дзейнасьцю. Юрыя Лявонава за пасобніцтва Аўтуховічу пракурор 
                      прапанаваў зьняволіць на 3 гады 5 месяцаў у калёніі ўзмоцненага 
                      рэжыму і забараніць яму 5 гадоў займаць пасады ў адміністрацыйна-гаспадарчай 
                      галіне.  
                    Абвінавачаньне лічыць, што абодва падсудныя павінны сплаціць 
                      нанесеныя страты для раённага бюджэту: 40 мільёнаў 623 тысячы 
                      рублёў падатку, які Аўтуховіч не заплаціў за кіроўцаў, якіх 
                      наймаў для працы на сваіх таксоўках, а таксама 1 мільярд 
                      92 мільёны 84 тысячы рублёў — суму выручкі, якую ён атрымаў 
                      ад работы сваіх таксовак. 
                     
                       
                      Сяргей Астраўцоў 
                      Радыё Свабода 
                    
                     
                     
                     
                     
                     |