Злучаныя Штаты разьлічваюць, што сытуацыя 
                      ў Беларусі будзе абмяркоўвацца падчас саміту кіраўнікоў 
                      дзяржаў «Вялікай васьмёркі» ў Санкт-Пецярбургу. Як заявілі 
                      агенцтву БелаПАН у прэсавай службе дзярждэпартамента ЗША, 
                      беларускае пытаньне можа быць разгледжанае, нават калі не 
                      будзе ўключанае ў афіцыйны парадак дня сустрэчы. 
                     Варта нагадаць, што сытуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася 
                      29 чэрвеня ў Маскве ў межах нарады міністраў замежных спраў 
                      краін «Вялікай васьмёркі», якія рыхтавалі парадак дня пасяджэньня 
                      кіраўнікоў дзяржаў. У прыватнасьці, амэрыканскі бок узьнімаў 
                      пытаньне аб парушэньні Беларусьсю эмбарга ААН праз нелегальныя 
                      пастаўкі лёгкай і стралковай зброі.  
                    Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля завяршэньня сустрэчы 
                      кіраўнікоў МЗС міністар замежных спраў Канады Пітэр Маккей 
                      заявіў, што яе ўдзельнікі «шчыра абмяняліся меркаваньнямі, 
                      у прыватнасьці, датычна сытуацыі ў Беларусі». Міністар замежных 
                      спраў Расіі Сяргей Лаўроў тады падкрэсьліў, што, адказваючы 
                      на пытаньні калег адносна сытуацыі ў Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, 
                      Прыднястроўі і Беларусі, ён «даў дастаткова фактаў, якія 
                      ляжаць у аснове расійскага падыходу да ўсіх гэтых пытаньняў». 
                      
                    БелаПАН 
                     
                     
                     
                       
                     
                     
                     |