Сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 
                      з апошнім словам выступілі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў. 
                      Дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў зьняволіць першага на тры 
                      з паловай году, другога — на тры гады і пяць месяцаў. Прысуд 
                      судзьдзя Мікалай Рачынскі агучыць 6 ліпеня.  
                     Калі Мікалая Аўтуховіча завялі ў судовую залю і зачынілі 
                      ў клетцы, ён павітаўся зь сябрамі й калегамі, якія прыехалі 
                      з Ваўкавыску (іх было каля дваццаці чалавек). Нехта сказаў, 
                      што ён паправіўся пасьля працяглага адмаўленьня ад ежы, 
                      а Аўтуховіч у адказ: восем літраў вады ў мяне ўлілі дактары, 
                      вось і паправіўся. Сваё апошняе слова Мікалай Аўтуховіч 
                      чытаў седзячы, яно было пабудаванае на абвяржэньні абвінавачаньня. 
                     
                    У прыватнасьці, пракурор Яўген Шчарбак сказаў, што ваўкавыскі 
                      прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з дапамогай дырэктара фірмы 
                      «Ніка-транс» Юр’я Лявонава ўхіляўся ад выплаты падаткаў, 
                      ажыцьцяўляў перавозку пасажыраў і багажу без рэгістрацыі 
                      камэрцыйнай фірмы, якую павінен быў стварыць, і не атрымаў 
                      адпаведнай ліцэнзіі. У выніку мясцовы бюджэт панёс страты 
                      ў асабліва буйным памеры.  
                    Мікалай Аўтуховіч спаслаўся на прэзыдэнцкі дэкрэт №17 за 
                      2003 год, паводле якога ён меў права, а не абавязак ствараць 
                      фірму. Зыходзячы з гэтага, падкрэсьліў падсудны, яго судзяць 
                      за фірму, якой не існавала. Сам ён як індывідуальны прадпрымальнік 
                      меў ліцэнзію і плаціў падаткі. У заканадаўстве не прадугледжана 
                      пакараньня за тое, што нехта не стварыў фірмы, сказаў Мікалай 
                      Аўтуховіч, таму ён лічыць працэс фарсам.  
                    Пра свае ўражаньні ад апошняга слова Аўтуховічам, і ад 
                      ягоных паводзінаў гаворыць адзін з ваўкавыскіх кіроўцаў: 
                     
                    (Кіроўца: ) «Чацьвёра нас прыехала падтрымаць Аўтуховіча, 
                      таму што яму напэўна з гэтым беззаконьнем цяжка змагацца 
                      аднаму. Вось прыехалі, пакуль мы свабодныя ад камандзіровак, 
                      нашыя машыны ў рэйсе, будзем падтрымліваць яго да канца. 
                      Мужчына — малойца, добра трымаецца. Мужчынам быў, мужчынам 
                      застанецца».  
                    На суд прыяжджаў зь Менску Канстанцін Уланаў, яны з Аўтуховічам 
                      некалі ваявалі ў Аўганістане. Ён лічыць, што заканадаўства 
                      відавочна недасканалае, але калі Аўтуховіч сапраўды штосьці 
                      парушаў, можна было не даводзіць справу да суду: яго неаднаразова 
                      правярала падатковая служба і ніколі яму не казалі, што 
                      ён займаецца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю.  
                    Абвінавачаньне лічыць, што абодва падсудныя павінны сплаціць 
                      нанесеныя раённаму бюджэту страты: 40 мільёнаў 623 тысячы 
                      рублёў падатку, што Аўтуховіч не заплаціў за кіроўцаў, якіх 
                      наймаў для працы на сваіх таксоўках, а таксама 1 мільярд 
                      92 мільёны 84 тысячы рублёў — суму выручкі, якую ён атрымаў 
                      ад працы сваіх таксовак.  
                      
                    Сяргей Астраўцоў 
                      Радыё Свабода 
                       
                     
                     
                       
                     
                     
                     |