4 ліпеня да выканання сваіх абавязкаў прыступіў
прадстаўнік Еўракамісіі па сувязях з Беларуссю Жан-Эрык
Хольцапфель. Аб гэтым у інтэрв'ю БелаПАН паведаміў галава
прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі і Украіне, амбасадар
Ен Боўг.
Ён адзначыў, што асноўным месцазнаходжаннем Хольцапфеля
стане Кіеў, дзе размешчаная рэзідэнцыя прадстаўніцтва Еўракамісіі
ва Ўкраіне і Беларусі. Часовы павераны, падсправаздачны
кіраўніку прадстаўніцтва, будзе выступаць ад яго імя, а
таксама здзяйсняць кантроль над мінскім офісам праграмы
Еўрасаюза падтрымкі краінаў СНД.
Прызначэнне прадстаўніка Еўракамісіі па сувязях з Беларуссю
дазволіць пашырыць прысутнасць саюза ў рэспубліцы, а таксама
актывізаваць супрацоўніцтва з беларускім грамадствам, мясцовымі
ўладамі, прадстаўнікамі бізнесу і СМІ.
Еўрапейскае
радыё для Беларусi
|