Незалежны музычны лэйбл «VoliaMusic» падрыхтаваў 
                      да выданьня кампакт-дыск «Песьні Свабоды-2». Гэта другі 
                      альбом, песьні якога прысьвечаныя тэме свабоды й незалежнасьці. 
                      Некаторыя музычныя кампазыцыі напісаныя пад уплывам мінулых 
                      прэзыдэнцкіх выбараў і падзеяў, што адбыліся ў Менску 19-25 
                      сакавіка. 
                     Кампакт-дыск складаюць 20 музычных кампазыцыяў у выкананьні 
                      вядомых беларускіх гуртоў і маладых рок-выканаўцаў. Да прыкладу, 
                      «Нэйра Дзюбэль» адмыслова запісаў песьню «Край”, Лявон Вольскі 
                      і «NRM» прасьпяваюць песьню «Ворагам» на словы Ўладзімера 
                      Караткевіча, гурт «Таварыш Маўзэр» выканае «Беларусь будзе 
                      вольнай». «Песьні Свабоды-2» — гэта працяг праекту, распачатага 
                      ў гонар Дня Незалежнасьці 25 сакавіка, а таксама насуперак 
                      тагачасным афіцыйным канцэртам «За Беларусь», кажа прад’юсар 
                      праэкту, які ўзяў сабе творчы псэўданім Пупэр.  
                    (Пупэр: ) «Адрозна ад першага, гэты дыск прысьвечаны 27 
                      ліпеня, Дню Незалежнасьці Беларусі. Таму асноўнай тэмай 
                      твораў будзе ня толькі свабода, але й незалежнасьць Беларусі». 
                     
                    Паводле спадара Пупэра, «Песьні Свабоды-2» складзеныя з 
                      музычных кампазыцыяў, якія прапанавалі яшчэ на першы альбом. 
                      Але некаторыя былі напісаныя адмыслова падчас сакавіцкіх 
                      падзеяў, у тым ліку на Кастрычніцкай плошчы Менску. Да прыкладу, 
                      «Колер маёй рэвалюцыі» ў выкананьні гурта «Сівер». Гаворыць 
                      адзін зь лідэраў калектыву Мікола Бянько:  
                    (Бянько: ) «У сакавіцкіх падзеях мы бралі актыўны ўдзел, 
                      як музыкі й як грамадзяне. Бо апошнім часам многія музыкі 
                      адмаўляліся выказваць сваю пазыцыю, некаторыя нават адмаўляліся 
                      ад рок-каронаў. Таму мы палічылі мэтазгодным сваю пазыцыю 
                      вытлумачыць адкрыта й не хаваць яе».  
                    «Песьні Свабоды-2» будуць распаўсюджвацца гэтак жа, як 
                      і папярэдні альбом: праз падпіску на адмысловым інтэрнэт-сайце, 
                      а таксама падчас рок-канцэрту, які заплянаваны ў гонар Дня 
                      Незалежнасьці 27 ліпеня. Гэткім чынам, гэта яшчэ й папулярызацыя 
                      незалежнай беларускай музыкі, лічыць прадусар праекту Пупэр. 
                     
                    (Пупэр: ) «Беларуская музыка — гэта ня толькі тое, што 
                      нам паказваюць на беларускім тэлебачаньні й прымушаюць слухаць 
                      па беларускім радыё. Гэта й тое, што нашых беларускіх музыкаў 
                      хвалюе ўсё, што адбываецца ў краіне. І таксама наша задача 
                      была дапамагчы гуртам, якія з-за сваёй пазыцыі ня могуць 
                      данесьці творчасьць да слухачоў».  
                    Паводле спадара Пупэра, першы кампакт-дыск «Песьні Свабоды» 
                      атрымалі некалькі тысяч аматараў незалежнай беларускай музыкі, 
                      а з інтэрнэту гэтыя песьні спампавалі больш за 50 тысяч 
                      чалавек. 
                     
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                     
                       
                     
                     
                     |