Эўрапарлямэнтары назвалі Беларусь другой 
                      пасьля Кітаю краінай з найбольш жорсткай цэнзурай у Інтэрнэце. 
                      У сваёй рэзалюцыі, прынятай пры канцы мінулага тыдня, дэпутаты 
                      асуджаюць дзейнасьць тых аўтарытарных рэжымаў, якія абмяжоўваюць 
                      свабоду меркаваньняў у Інтэрнэце, і патрабуюць ад кіраўніцтва 
                      ЭЗ улічваць пры супрацоўніцтве з тымі ці іншымі краінамі 
                      наяўнасьць свабоднага доступу грамадзянаў да Інтэрнэту. 
                     Як вынікае з рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, Інтэрнэт стаў важным 
                      каналам для адлюстраваньня думак палітычных дысыдэнтаў, 
                      дэмакратычных актывістаў, журналістаў ва ўсім сьвеце. Адначасна 
                      расьце кантроль за Інтэрнэтам з боку аўтарытарных рэжымаў. 
                      Сярод краінаў з найбольш жорсткай цэнзурай у Інтэрнэце — 
                      постсавецкія Беларусь і Ўзбэкістан. Прычым Беларусь займае 
                      другую пазыцыю ў сьпісе пасьля Кітаю.  
                    Як вынікае з рэзалюцыі, ЭЗ мусіць шукаць канкрэтныя крокі, 
                      каб абараніць свабоду слова ў Інтэрнэце для грамадзянаў 
                      тых краінаў, дзе парушаюцца базавыя правы чалавека.  
                    У размове са Свабодай дэпутатка Эўрапарлямэнту Элізабэт 
                      Шродтэр сказала наступнае.  
                    (Шродтэр: ) «Таго, што мы дагэтуль зрабілі для Беларусі, 
                      зразумела, недастаткова. Мы маем жаданьне рабіць значна 
                      болей, асабліва ў пытаньні, якое тычыцца доступу грамадзянаў 
                      да незалежнай інфармацыі. Каб людзі самі маглі скласьці 
                      інфармацыю пра тое, што робіцца ў іхнай краіне, а не праз 
                      прапразыдэнцкія медыі».  
                    Паводле дэпутаткі Эўрапарлямэнту, яе калегі зьвярнуліся 
                      да кіраўніцтва ЭЗ з просьбай пашырыць незалежнае эўрапейскае 
                      вяшчаньне на Беларусь ( яно мае свае Інтэрнэт-вэрсіі), і 
                      такая прапанова знайшла паразуменьне ў кіраўніцтва ЭЗ.  
                    Эўрапейская праваабарончая журналісцкая арганізацыя «Рэпартэры 
                      бязь межаў» заявіла пра сваю падтрымку рэзалюцыі Эўрапарлямэнту 
                      і выказала спадзяваньні, што Эўракамісія і краіны — сябры 
                      ЭЗ выканаюць рэкамэндацыі эўрапейскіх дэпутатаў. У свой 
                      час «Рэпартэры бязь межаў» накіравалі ў Эўрапарлямэнт сьпіс 
                      15 краінаў-ворагаў Інтэрнэту (Кітай, Бірма, Куба, Іран, 
                      Лібія, Мальдывы, Нэпал, Паўночная Карэя, Саудаўскай Арабія, 
                      Сірыя, Туніс, Туркмэністан, Узбэкістан, Віетнам і Беларусь). 
                      Паводле ініцыятывы «Рэпартэраў», адпаведную заяву пра падтрымку 
                      свабоды слова ў Інтэрнэце падпісалі 32 дзьве буйныя фірмы-інвэстары. 
                     
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                     
                       
                     
                     
                     |