У Дзень беларускай салідарнасьці зь сем’ямі
зьніклых апанэнтаў улады і палітычнымі зьняволенымі, маладыя
актывісты шэрагу магілёўскіх грамадзкіх і палітычных арганізацыяў
правялі свой інфармацыйны пікет у самым цэнтры горада, на
так званай Зорнай плошчы. Менавіта сюды выканкам гады тры
таму перанес усе масавыя мерапрыемствы, прысьвечаныя дзяржаўным
сьвятам і ўрачыстым рэгіянальным падзеям.
Гэтае ж месца было ўчора ўпершыню абранае маладымі актывістамі
для правядзеньня сваёй інфармацыйнай акцыі пра «Дзень салідарнасьці».
Болей за дзесяць дзяўчатаў і хлопцаў а 8-й вечара сталі
на пляцы, трымаючы перад сабой партрэты Захаранкі, Ганчара,
Красоўскага, Завадзкага. У гэтай журботнай галерэі можна
было ўбачыць таксама і партрэт Аляксандра Казуліна.
Праз паўгадзіны ўдзельнікі пікету былі затрыманыя й дастаўленыя
ў два найбліжэйшыя пастарункі. Там амаль да сярэдзіны начы
доўжыліся звычайныя міліцэйскія працэдуры — складаньне
пратаколаў затрыманьня, высьвятленьне асобаў затрыманых,
узяцьце ад іх тлумачэньняў.
Усе дастаўленыя ў міліцыю адмовіліся ад падпісаньня якіх-небудзь
папераў, бо не пагаджаліся з тым, што на іхную інфармацыйную
акцыю патрабаваўся дазвол. Ня ведалі, што з гэтым рабіць
і самі міліцыянты, таму ўрэшце ўсіх затрыманых выпусьцілі
без наступстваў. На гэткую іхную лагоднасьць паўплывала,
відавочна, і прысутнасьць у міліцэйскіх пастарунках мясцовых
праваабаронцаў. Сваімі дакладнымі спасылкамі на заканадаўства
правабаронцы і давялі міліцыянтам беспэрспэктыўнасьць далейшага
перасьледу маладых актывістаў.
Віктар Войт
belngo.info
|