16 і 17 ліпеня ў ЗША адбыліся акцыі салідарнасьці 
                      зь Беларусьсю. У нядзелю, 16 ліпеня, сябры Беларускай Ініцыятывы 
                      ў штаце Мінэсота пратэставалі супраць палітычна матываваных 
                      арыштаў дэмакратычных актывістаў. Удзельнікі акцыі падкрэсьлілі, 
                      што асабліва зараз, калі былы кандыдат на пасаду прэзідэнта 
                      Аляксандар Казулін быў несправядліва асуджаны на пяць з 
                      паловай гадоў, а актывісты “Партнэрства” знаходзяцца ў чаканьні 
                      закрытага судзебнага працэсу, вялізнае значэньне для беларускага 
                      дэмакратычнага руху мае падтрымка з боку міжнароднай супольнасьці. 
                    17 ліпеня прайшла ўжо традыцыйная акцыя пратэсту ў Вашынгтоне. 
                      Каля дваццаці чалавек сабраліся ў панядзелак ля беларускай 
                      амбасады са сьцягамі і транспарантамі, дзе яны таксама раздавалі 
                      ўлёткі зь інфармацыяй пра лёс палітычных зьняволеных і рэпрэсіі 
                      супраць грамадзкіх актывістаў. Як і ў мінулыя разы, ніхто 
                      з супрацоўнікаў амбасады да пікетчыкаў не выходзіў, а вось 
                      вашынгтонцы выказвалі надзвычайную зацікаўленасьць і падтрымку. 
                      У акцыі ўзялі ўдзел беларускія і амэрыканскія студэнты, 
                      актывісты разнастайных грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, 
                      а таксама прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары.  
                     
                     
                     
                     
                     
                       
                     
                     
                     |