Грамадзкія і партыйныя арганізацыі Гомельскай 
                      вобласьці абагульнілі зьвесткі аб арыштах, штрафах і іншых 
                      формах перасьледу, якім падвяргаліся грамадзкія актывісты 
                      за апошнія месяцы. У пэрыяд, які прайшоў з канца мінулага 
                      году, ня меней чым 44 чалавекі з Гомельшчыны былі пакараныя 
                      ў сувязі з удзелам у перадвыбарчай агітацыі, распаўсюдзе 
                      незалежных выданьняў і акцыях пратэсту.Найбольшая колькасьць 
                      сярод іх — 26 чалавек — падвергліся арыштам (у тым ліку 
                      4 дзяўчыны). На 15 сутак былі пасаджаныя дзесяць грамадзянаў, 
                      на 10 — трое, на 8 — адзін, на 7 сутак – восем, на 5 — трое. 
                      А Ўладзімер Кацора, які ў час прэзыдэнцкіх выбараў быў кіраўніком 
                      абласнога штабу А. Мілінкевіча, быў арыштаваны двойчы — 
                      на 8 і на 10 сутак. Больш за ўсё арыштаваных — з Гомеля 
                      і Сьветлагорскага раёну: па 9 чалавек; у Жыткавіцкім раёне, 
                      Мазыры і Калінкавічах – па 2, па адным — у Рагачове і Рэчыцы. 
                      Афіцыйныя прычыны арыштаў — дробнае хуліганства (14 выпадкаў), 
                      удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (8 выпадкаў), 
                      парушэньне парадку пікетаваньня (3 выпадкі — калі ў час 
                      перадвыбарчай агітацыі актывісты стаялі на вуліцах з партрэтамі 
                      А. Мілінкевіча), непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі 
                      (2 выпадкі) і зьнявага супрацоўніка выканкаму (1 выпадак). 
                    Сярод тых, хто «парушалі парадак», «аказвалі непадпарадкаваньне 
                      супрацоўнікам міліцыі» і «выкрыквалі лёзунгі» — найчасьцей 
                      студэнты і моладзь, аднак ёсць і пэнсіянэр, урач, юрыст... 
                      Паводле зьвестак Гомельскага гарадзкога аддзяленьня грамадзкага 
                      аб’яднаньня «Прававая ініцыятыва», некаторыя з арыштаваных 
                      падвяргаліся таксама штрафам. 
                    Ня менш 14-і грамадзянаў у гэтым сьпісе былі «толькі» аштрафаваныя: 
                      зь іх 5 — у Сьветлагорску, 3 — у Жлобіне, 2 — у Гомелі, 
                      па адным — у Брагіне, Добрушы, Мазыры і Рагачове. Агульная 
                      сума штрафаў склала ня менш за 3 628 000 руб. Шэраг актывістаў 
                      страцілі працу ці вучобу, на многіх аказваўся ўціск з боку 
                      адміністрацыі па месцы працы альбо навучаньня. 
                      
                    Тэльман Масьлюкоў 
                      belngo.info 
                     
                     
                     
                       
                     
                     
                     |