Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску 
                      адбудзецца чацьвёртае паседжаньне ў крымінальнай справе 
                      супраць актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства». 
                      Эніру Браніцкую, Аляксандра Шалайку, Цімафея Дранчука і 
                      Міколу Астрэйку абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, 
                      якая парушае правы і інтарэсы грамадзянаў. 
                     Больш за 5 месяцаў іх утрымліваюць пад вартай. Суд праходзіць 
                      за зачыненымі дзьвярыма. Магчыма, сёньня пачнуцца спрэчкі 
                      і мы даведаемся якую меру пакараньня для актывістаў «Партнэрства» 
                      папросіць дзяржаўнае абвінавачаньне.  
                    Сёньня адвакаты арыштаваных заявяць хадайніцтва, каб дапыталі 
                      ў судзе сьведак з боку абароны. Судзьдзя Леанід Ясіновіч 
                      заплянаваў агледзіць пісьмовыя матэрыялы крымінальнай справы. 
                      Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, пасьля гэтага 
                      ў судзе пачынаюцца спрэчкі.  
                    Прадстаўнік пракуратуры выступіць з афіцыйным абвінавачаньнем 
                      і папросіць суд абраць меру пакараньня для Эніры Браніцкай, 
                      Міколы Астрэйкі, Аляксандра Шалайкі і Цімафея Дранчука. 
                     
                    Раней судзьдзя Леанід Ясіновіч казаў сваякам, што ад сёньняшняга 
                      дня абвесьціць перапынак у справе, але зьмяніў сваё рашэньне. 
                     
                    Жонка Цімафея Дранчука Вольга Анцыповіч знаходзіцца на 
                      лецішчы з маленькім Платонам. Яна спадзяецца, што, чым хутчэй 
                      скончыцца суд, тым хутчэй яе муж убачыць свайго сына.  
                    (Анцыповіч: ) «Канечне, нам вельмі важна, што скажа пракурор. 
                      Ад ягоных словаў, можна сказаць, залежыць наш лёс. Вельмі 
                      хочацца спадзявацца, што ў судзе ўсё скончыцца і Цімафея 
                      вызваляць з-пад варты адразу ў зале суду. Тое, што ён знаходзіцца 
                      за кратамі больш за пяць месяцаў, гэта папросту нейкі жах. 
                      Ён не рэцыдывіст, не злачынца, але з ім абыходзяцца менавіта 
                      так».  
                    Паліна і Мікола Астрэйкі выпускнікі коласаўскага ліцэю, 
                      калектыў якога днямі вярнуўся з Польшчы. Намесьнік дырэктара 
                      ліцэю Лявон Баршчэўскі прыйдзе сёньня да будынку суду.  
                    (Баршчэўскі: ) «Мікола Астрэйка быў адным з самых «сьветлых 
                      галоваў», калі вучыўся ў нас. Ягоная жонка таксама была 
                      адной з самых лепшых вучаніц. Тых, каго судзяць ў апошнія 
                      гады, вылучаліся не толькі сваёй актыўнай грамадзянскай 
                      пазыцыяй, але й былі і ёсьць «сьветлымі галовамі». Тыя хто 
                      не проста пратэстуюць, а думаюць пра будучыню. Гэтага рэжым 
                      панічна баіцца. Ён хоча, каб бээрсэмаўскае пакаленьне, троечнікі, 
                      кіравалі далей у дзяржаве і надалей растаптвалі эліту, якая 
                      ў такіх пакутах нараджаецца».  
                    Амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу пільна сочаць за судом 
                      над актывістамі незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства», 
                      якая стваралася выключна з мэтай ажыццяўляць назіраньне 
                      за выбарамі.  
                    Прадстаўнікі дэмакратычных моладзевых рухаў і апазыцыйных 
                      партый прыходзяць да будынку суду на знак салідарнасьці 
                      з Энірай Браніцкай, Міколам Астрэйкам, Цімафеем Дранчуком 
                      і Аляксандрам Шалайкам.  
                    Будынак суду будзе ачэплены спэцназам. З набліжэньнем даты 
                      абвяшчэньня прысуду, штодня павялічваецца колькасьць байцоў 
                      у форме і ў цывільным каля будынку суду. 
                     
                      Любоў Лунёва 
                      Радыё Свабода 
                    На фото: родственники и друзья членов 
                      «Партнерства», 1 августа 2006  
                     
                       
                     
                     
                     |