Арганізатар моладзевага летніка пад Белаазёрскам 
                      Юрась Губарэвіч асуджаны на 10 сутак 
                       
                      8 жніўня суд Бярозаўскага раёну асудзіў арганізатара летніка 
                      «Рух добрай волі», кіраўніка Берасьцейскай абласной арганізацыі 
                      Партыі БНФ Юрася Губарэвіча на 10 сутак адміністрацыйнага 
                      арышту. Прычына — выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі. 
                    Летнік «Рух добрай волі» праходзіў 3-6 жніўня. Каля пяці 
                      дзясяткаў хлопцаў і дзяўчат з розных партыяў і арганізацый 
                      зладзілі вандроўку па маляўнічых мясьцінах Белаазёршчыны 
                      (Бярозаўскі раён). Ля аднаго з азёраў яны і паставілі намёты. 
                    «Мэта вандроўкі — інфармаваньне навакольнага насельніцтва 
                      пра сытуацыю ў краіне (мы распаўсюдзілі 1000 асобнікаў газэты 
                      «Газэта для вас») і добраўпарадкаваньне мясьцін Белаазёршчыны», 
                      — патлумачыў сэнс летніка Юрась Губарэвіч журналістам і 
                      цікаўным. 
                    Перад удзельнікамі летніка выступіў бард Зьміцер Бартосік 
                      і гурт «Парасон», былі наладжаныя розныя спартовыя спаборніцтвы 
                      мі сяброўскія вечарыны. 
                    Міліцыя імкнулася перашкодзіць удзельнікам летніка. Празь 
                      дзень у ягоных удзельнікаў былі перапісаныя пашпартныя зьвесткі, 
                      не пусьцілі ў летнік моладзь БНФ, што хацела далучыцца да 
                      вандроўнікаў. 
                    Юрася Губарэвіча затрымалі ў суботу 5 жніўня і адвезьлі 
                      ў суд. Але там ён запатрабаваў адваката, і разгляд справы 
                      перанесьлі на 8 жніўня. «Я думаю, што яны проста хацелі 
                      пасадзіць мяне на пару сутак», — выказаў тады журналістам 
                      здагадку Юрась Губарэвіч. Ён памыліўся — суд адмераў 10 
                      сутак. Пра гэта нам паведамілі расхваляваная жонка Юрася. 
                      Калі мы затэлефанавалі, яна рыхтавала мужу перадачу. 
                    
                     
                      Наша ніва 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |