Сёньня ў Беларусі і ў замежжы пройдзе штомесячная 
                      акцыя Салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Першая 
                      акцыя адбылася летась 16 верасьня. Арганізатары — Ірына 
                      Халіп, Мікіта Сасім і Ірына Красоўская — заклікаюць грамадзянаў 
                      выказаць сваю падтрымку палітвязьням, іх сем’ям і сваякам 
                      зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага 
                      і Зьмітра Завадзкага. Акцыі штомесяц праводзіліся ў розных 
                      фарматах. Сёньня ў ЗША і шэрагу эўрапейскіх краінаў адбудуцца 
                      пікеты насупраць беларускай амбасады. 
                     Сёньня арганізатары акцыі Салідарнасьці вырашылі ўстрымацца 
                      ад пікету насупраць расейскай амбасады ў Менску. Апошнія 
                      дзьве акцыі байцы спэцназу міліцыі затрымлівалі людзей яшчэ 
                      на падыходах да амбасады. 16 ліпеня суд Цэнтральнага раёну 
                      арыштаваў лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля 
                      Лябедзьку і актывіста Анатоля Аскерку на 10 сутак. Сёньня 
                      Анатоль Лябедзька разам з Людмілай Гразновай і Зінаідай 
                      Бандарэнка паедуць ў Гомельскую вобласьць. Яны наведаюць 
                      палітвязьня Андрэя Клімава ў вёсцы Баршчоўка, дзе апазыцыянэр 
                      адбывае пакараньне за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі 
                      25 сакавіка пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. 
                      Гаворыць Анатоль Лябедзька:  
                    (Лябедзька:) «Трэба выходзіць за межы Менскага гарадзкога 
                      кальца і ісьці ў рэгіёны. Ставім задачу на бягучы каляндарны 
                      год, пачынаючы ад гэтай да наступнай восені, правесьці такія 
                      акцыі і ланцугі неабыякавых людзей у кожным раённым цэнтры. 
                      З гэтаенагоды я выязжаю сёньня ў Гомель, дзе таксама будзем 
                      гаварыць пра гэта».  
                    Адна з арганізатараў акцыі Салідарнасьці Ірына Красоўская 
                      паведаміла «Свабодзе»:  
                    (Красоўская:) «Сёньня мае сябры ў Вашынгтоне ладзяць акцыю 
                      Салідарнасьці насупраць беларускай амбасады. Таксама акцыі 
                      адбудуцца ва Ўкраіне, у Польшчы, Бэльгіі, Францыі — думаю, 
                      што яшчэ ў шмат якіх краінах».  
                    Актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Аляксандар Атрошчанкаў 
                      патлумачыў, што гэтым разам акцыя пройдзе ў некалькіх гарадах 
                      у розных фарматах.  
                    (Атрошчанкаў:) «Акцыя Салідарнасьці ў кожным выпадку будзе 
                      праводзіцца ў розным фармаце. Сёньня мы ня пойдзем да Расейскай 
                      амбасады, але людзі ўбачаць праявы салідарнасьці на вуліцах 
                      гарадоў».  
                    У лістападзе і сьнежні арганізатары акцыі заклікалі грамадзянаў 
                      а 8 вечара на 15 хвілінаў выключыць у доме сьвятло і запаліць 
                      на вокнах сьвечкі. У студзені актывісты незарэгістраванага 
                      руху «Зубар» і «Маладога фронту» раздавалі мінакам джынсавыя 
                      стужкі. У лютым – ладзілі пікет на Кастрычніцкай плошчы. 
                      У выніку разгону акцыі арыштавалі некалькі дзесяткаў чалавек. 
                      У сакавіку акцыю правялі ў намётавым лягеры. Пасьля гэтага 
                      акцыі Салідарнасьці імкнуліся праводзіць каля Расейскай 
                      амбасады.  
                      Гэтым разам заплянаваны шэраг мерапрыемствў у розных месцах 
                      Менску і ў некалькіх абласных гарадах. Яны пачнуцца а 8 
                      вечара і будуць доўжыцца з паўгадзіны. Арганізатары спадзяюцца, 
                      што ў акцыі будуць удзельнічаць некалькі тысяч чалавек. 
                     
                      Любоў Лунёва 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |