Дзень салідарнасці ў Горадні

17.08.2006

У Горадні ў Дзень Салідарнасьці з палітвязьнямі 16 жніўня зьявілася расцяжка «Хачу ў Беларусь!». Надпіс зьявіўся на масьце Гарнавых, які вядзе з самага цэнтру Горадні на другі бок Нёману. Такім чынам актывісты «Моладзі БНФ" адзначылі чарговы Дзень Салідарнасьці.

Чаму менавіта такім тэкстам прывітала Горадня 16 жніўня?

— Таму што я жыву ў Беларусі, але хочацца бачыць Беларусь не такой, якая яна зараз. І як сказала адна настаўніца, калі мы рабілі апытаньне на вуліцах Гародні – хацелася б убачыць і патрапіць у такую Беларусь, якую паказваюць нам ў тэлевізіі, — распавяла «Еўрапейскаму радыё» адна з актывістак акцыі Марыяна.

Удзельнікі акцыі кажуць таксама аб тым, што ім хочацца нарэшце мець радзіму. Паколькі банэр правісеў некалькі гадзінаў у самым цэнтры горада, прычым як раз у часе, калі гараджане вярталіся з працы — рэакцыю мінакоў на заклік «Хачу ў Беларусь» можна акрэсьліць як пазытыўную, хаця стрыманую. Ніхто не наважыўся пракамэнтаваць надпіс, едучы ў грамадзкім транспарце, хаця на тварах людзей зьяўляліся ўсьмешкі.