У міліцыі заведзена крымінальная справа 
                      з факту зьнікненьня сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў 
                      Антона Тараса. Сваякі й калегі журналіста нагадваюць: у 
                      сакавіку Антон Тарас адседзеў у турме як удзельнік падзеяў 
                      на Кастрычніцкай плошчы. 
                     Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, 23-гадовы перакладчык 
                      Антон Тарас зьнік 21 ліпеня. Бацькі маладога чалавека, вядомыя 
                      ў Беларусі журналісты Віталь Тарас і Алена Лукашэвіч кажуць: 
                      у той дзень сын па тэлефоне паведаміў, што яму трэба адысьціся 
                      з дому па справах. Больш Антон на сувязь не выходзіў.  
                    Празь пяць дзён бацькі аднесьлі заяву ў міліцыю Цэнтральнага 
                      раёну Менску. Там завялі крымінальную справу з факту зьнікненьня. 
                      Сярод асноўных вэрсіяў зьнікненьня Антона Тараса фігуруе 
                      сямейная — апошнім часам у сям’і Антона пачаліся праблемы 
                      — яго разлучылі з двухгадовай дачкой. Не выключаецца таксама 
                      й сувязь здарэньня з палітыкай. У сакавіку Антон Тарас адсядзеў 
                      11 дзён у менскай турме на вуліцы Акрэсьціна як удзельнік 
                      падзей на Кастрычніцкай плошчы.  
                    Між тым, бацькі Антона Тараса цьвердзяць: палітыкай ён 
                      не займаўся. Таксама яны зважаюць: сыну не ўласьціва не 
                      паведамляць, куды зьбіраецца й дзе знаходзіцца. Акрамя гэтага, 
                      Віталь Тарас і Алена Лукашэвіч ніяк зьнікненьня сына не 
                      камэнтуюць.  
                    У менскай гарадзкой міліцыі, дзе расьсьледуюць крымінальную 
                      справу пра зьнікненьне Антона Тараса, адмовіліся камэнтаваць 
                      расьсьледаваньне, але запэўнілі, што дзеля пошуку журналіста 
                      робіцца ўсё магчымае. З іншых крыніц вядома, што міліцыя 
                      ўжо мае некаторыя зьвесткі. Да прыкладу, пра набыты 22 ліпеня 
                      ў Баранавічах квіток на цягнік Рыга–Сімфэропаль паводле 
                      пашпарту Антона Тараса. Але чаму й як Антон Тарас патрапіў 
                      у Баранавічы, невядома.  
                    Зьвесткі пра зьнікненьне спадара Тараса першай зьмясьціла 
                      на сваім сайце Беларуская асацыяцыя журналістаў, сябрам 
                      якой быў малады перакладчык. Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй 
                      Бастунец сказаў для Радыё Свабода:  
                    (Бастунец: ) «Мы вельмі непакоімся за Антося, спадзяёмся, 
                      што ён знойдзецца, і ўсё будзе добра, што ён бліжэйшым часам 
                      зьвяжацца з бацькамі ці калегамі па працы. Мы просім тых, 
                      хто нешта ведае пра лёс Антона Тараса, зьвязацца з намі 
                      ці зь ягонымі бацькамі па зьмешчаных у нас на сайце тэлефонах». 
                     
                    Паводле зьвестак зь міліцыі, штогод у Беларусі абвяшчаюць 
                      у вышук больш за тысячу грамадзянаў, і значная частка зь 
                      іх праз пэўны час адшукваецца жывымі. Пошукі некаторых зьніклых 
                      вядуцца шмат гадоў. Паводле беларускіх і міжнародных праваабарончых 
                      арганізацый, з 1999 году ў краіне людзі зьнікаюць і з палітычных 
                      прычын.  
                     
                      Алег Грузьдзіловіч 
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |