16 жніўня ў Берасці прайшла чарговая акцыя 
                      салідарнасці з сем’ямі зніклых і зняволеных беларускіх палітыкаў. 
                     
                    Пачалася яна а 9-й гадзіне вечара ля прыпынку МОПРа. У 
                      акцыі ўдзельнічала каля 40 актывістаў кампаніі «За свабоду», 
                      якія запалілі свечкі і, трымаючы іх у руках, выцягнуліся 
                      ў ланцужок уздоўж праспекта Машэрава.  
                    З самага пачатку мерапрыемства ў гэтым месцы прысутнічала 
                      вялікая колькасць супрацоўнікаў міліцыі як у форме, так 
                      і ў цывільным. Заўважыўшы, што ўдзельнікі акцыі пачынаюць 
                      запальваць свечкі, міліцыянты адразу ж пачалі «прымаць меры». 
                      З мэтаю не дапусціць працягу мерапрыемства супрацоўнікі 
                      праваахоўных органаў выкарыстоўвалі розныя метады: ад «ветлівых» 
                      просьбаў пагасіць свечкі з-за небяспекі загарання газонаў 
                      да пагрозаў завесці ва ўчастак для высвятлення асобаў. Асабліва 
                      «вызначыліся» супрацоўнікі ў цывільным, якія вырывалі свечкі, 
                      б’ючы па руках ўдзельнікаў акцыі. На заўвагі прысутных і 
                      просьбы высветліць асобы гэтых невядомых людзей, супрацоўнікі 
                      міліцыі адварочвалі твары і рабілі выгляд, быццам нічога 
                      не бачаць. Тыя ж, у сваю чаргу, цвердзілі, што яны звычайныя 
                      мінакі і ніякіх свечак не чапалі. 
                    Пабачыўшы, што далей у гэтым месцы працягваць акцыю не 
                      падаецца мажлівым, яе ўдзельнікі з запаленымі свечкамі пачалі 
                      рушыць у бок бульвара Касманаўтаў. Але супрацоўнікі міліцыі 
                      і тыя «звычайныя мінакі» вырашылі суправаджаць маладых людзей 
                      са свечкамі, пры гэтым патрабуючы ў іх пашпарты і перапісваючы 
                      прозвішчы ўдзельнікаў. Два актывісты былі затрыманыя дзеля 
                      высвятлення асобаў. Пасля 20-хвіліннага ўтрымання ў апорным 
                      пункце, яны былі выпушчаныя. 
                    За хадою акцыі крыху воддаль пільна сачылі невядомыя людзі 
                      ў цывільным, здымаючы ўсё на відэакамеру. Толькі пасля таго, 
                      як усе ўдзельнікі акцыі разышліся, яны спынілі сваё назіранне. 
                    Акцыя скончылася ў 22-00, але яе ўдзельнікі цвердзяць, 
                      што яна будзе працягвацца як і раней — 16-га чысла кожнага 
                      месяца да тых часоў, пакуль з беларускіх турмаў не выйдзе 
                      апошні палітвязень, а лёсы зніклых палітыкаў і журналістаў 
                      не стануць вядомыя грамадскасці.  
                     
                     
                      www.dzedzich.org 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |