У Кастрычніцкім раённым судзе Горадні закончыўся
разгляд адміністрацыйнай справы двух актывістаў не прызнаванага
ўладамі Саюзу палякаў. Іх абвінавачвалі ў тым, што яны перашкаджалі
працаваць здымачнай групе абласнога тэлебачаньня, якая рабіла
сюжэт пра ўшанаваньне памяці польскіх жаўнераў на вайсковых
могілках. Гэта — артыкул 156 адміністрацыйнага кодэксу,
што датычыць дробнага хуліганства. Андрэя Пачобута пакаралі
арыштам, а адносна Мечыслава Яскевіча справа спынена.
У судзе мне ўдалося крыху паразмаўляць з Андрэем Пачобутам.
Нагадаю, што іх зь Мечыславам Яскевічам затрымалі 18 жніўня
і ўвесь час яны знаходзіліся ў міліцэйскім ізалятары. Андрэй
Пачобут:
(Пачобут:) «Апошнія суткі нас трымалі на падставе пісьмовага
ўказаньня начальніка Кастрычніцкага РАУС Беда. Нас павінны
былі звольніць, і рашэньне мусіла прымаць ўжо судзьдзя,
бо дакумэнты перадалі зь міліцыі на разгляд у суд. Аднак
судзьдзя такога рашэньня не прыняла. Каля трох гадзінаў
супрацоўнікі міліцыі вырашалі наконт нас, мяне чатыры разы
заводзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня і чатыры разы нас
адмаўляліся браць, таму што не было падстаў».
Андрэй Пачобут лічыць, што паводле закону судзьдзя павінна
была ўчора іх выпусьціць з позвай, каб яны сёньня прыйшлі
на працяг судовага разбору.
Судзьдзя Зінаіда Барцэвіч апытала некалькіх сьведкаў, у
тым ліку Анжаліку Борыс — старшыню Саюзу палякаў, не прызнаванага
ўладамі. Яна, у прыватнасьці, сказала, што ім не было ясна
— хто іх здымае, і што іхнія мерапрыемствы часта фільмуюць
невядомыя людзі, якія ніколі не прадстаўляюцца. Іншыя сьведкі
патлумачылі, што 15 жніўня на гарадзенскіх вайсковых могілках
маліліся разам з ксяндзом за жаўнераў Войска Польскага і
не хацелі, каб іх здымалі. Яны адмаўлялі, што Пачобут і
Яскевіч па-хуліганску перашкаджалі здымачнай групе абласнога
тэлебачаньня.
На судовым паседжаньні былі рэдактар тэлебачаньня Уладзімір
Лобан і апэратар Андрэй Бялятка. Яны адмовіліся выказаць
сваё меркаваньне для нашага Радыё. Адзінае, што спадар Лобан
сказаў, што яны не змаглі зрабіць сюжэт пра ўшанаваньне
памяці польскіх жаўнераў, і ён мусіў пісаць з гэтай нагоды
тлумачэньне для свайго кіраўніцтва. Нагадаю, што міліцыянты
склалі пратакол адносна Пачобута і Яскевіча на падставе
заявы намесьніцы кіраўніка абласнога тэлерадыёаб’яднаньня
Алены Прымачэнкі.
Нагадаем галоўныя этапы канфлікту. У сакавіку 2005 году
на чарговым 6-м з’ездзе Саюзу палякаў Беларусі яе новым
старшынём была абраная Анжаліка Борыс. Улады аддавалі перавагу
ранейшаму кіраўніку Саюзу Тадэвушу Кручкоўскаму.
Дзейнасьць новай кіраўніцы Саюзу не задавальняла ўлады.
У траўні 2005 году міністэрства юстыцыі скасавала вынікі
6-га з’езду Саюзу палякаў, абраньне Борыс было прызнана
несапраўдным. У жніўні 2005 году пры падтрымцы ўладаў быў
праведзены паўторны 6-ы з’езд Саюзу палякаў, на якім старшынём
быў абраны Юзаф Лучнік.
Канфлікт вакол Саюзу палякаў суправаджаўся рэпрэсіямі супраць
прыхільнікаў Борыс і шырокой інфармацыйнай кампаніяй у беларускіх
дзяржаўных мэдыях, падчас якой кіраўніцтва Саюзу на чале
з Анжалікай Борыс абвінавачвалася ў нелаяльнасьці да беларускай
дзяржавы. Польскія ўлады і грамадзкія арганізацыі падтрымлівалі
Борыс і яе прыхільнікаў, менавіта іх Варшава лічыць сапраўдным
кіраўніцтвам Саюзу палякаў Беларусі. Польскі бок кваліфікаваў
дзеяньні беларускіх ўладаў адносна Саюзу Палякаў як парушэньне
правоў польскай этнічнай меньшасьці ў Беларусі.
Сяргей Астраўцоў
Радыё Свабода
|