Першая гістарычна-забаўляльная мультымэдыя-кніга
пра Вясну-2006
Не прайшло і паўгады з часу Менскай вясны’2006, як на сьвет
зьявілася ўнікальная мультымэдыйная кніга, прысьвечаная
падзеям на Кастрычніцкай Плошчы. «Open air RAVElution» —
гэта суб’ектыўны канспэкт падзей і пачуцьцяў, якімі жылі
дзясяткі тысячаў маладых беларусаў 19-25 сакавіка 2006 году.
Канспэкт, праілюстраваны фота-, відэа-, аўдыё і напісаны
ў жанры «pop history».
«Open air RAVElution» — гэта не звычайная гістарычная мультымэдыйная
кніга. Для аўтараў было ня столькі важна быць дакладнымі
ў датах і назвах. Нашмат цікавей было ўзгадваць і расказваць
пра важныя дэталі, ключавыя паняцьці і пэрсоны вясновай
Рэйвалюцыі. Рэйвалюцыі зь вялікай літары: гаворка ў кнізе
вядзецца пра той пераварот, які з 19 па 25 сакавіка 2006
г. адбыўся ў мазгах беларусаў, перадусім, маладых. Для якіх
апошнія пяць год былі поўным даўнам і ступарам грамадзкага
жыцьця.
Адкуль такая назва? Мы амаль не перабольшваем, кажучы:
з 19 па 25 сакавіка 2006 г. у Менску прайшоў першы open
air RAVEvolution — экстрэмальна-забаўляльнае party 24 гадзіны
ў суткі. Мерапрыемства з маштабнай PR-кампаніяй, непрадуманай
праграмаю, кепска разьвітай інфраструктураю, але з выдатнай
самаарганізацыяй.
Сакавіцкі Open Air нават меў сваё «сэкьюрыці», у ролі якога
выступалі «супрацоўнікі праваахоўных органаў». Праўда, вельмі
хутка высьветлілася, што security — гэта звычайныя гопнікі.
Гопнікі, нашэсьця якіх баіцца любы арганізатар вялікіх мерапрыемстваў.
Таму Рэйвалюшн стаў ня проста шматдзённым пратэстам супраць
фальсыфікацыі выбараў, але і найглябальнейшай разборкай
паміж пасталелымі і апранутымі ў форму «быкамі» са спальных
раёнаў і «нефармаламі» рознай ступені прасунутасьці.
Пра гэты сацыяльны канфлікт чытайце ў артыкуле «Гоп-стоп
рэвалюцыі». Тэзаўрус знакавых рэчаў, паняцьцяў і VIPs чытайце
ў «Слоўніку Рэйвалюцыі». На франты камунікатыўнай вайны
вясны’2006 вяртае артыкул «Жглі як маглі. Ад трындзецкага
інфармбюро». Пра ролю міжнароднай супольнасьці ў Рэйвалюшане
нагадвае артыкул «Ту-ту-турысты, авантурысты. Харашо што
прыехаў». Таксама ў кнізе чытайце і глядзіце ТОР-10 лепшых
флэш-мобаў вясны «Весела была, як бацьку хавалі» і шмат
чаго яшчэ. А на дэсэрт — поўны варыянт бэстсэлеру «Песьні
свабоды». І ўсё гэта разбаўлена фота-, аўдыё-, відэа-дакумэнтамі.
«Open air RAVElution» можна БЯСПЛАТНА замовіць, запоўніўшы
заяўку.
www.za-svabodu.org
|