Асуджанаму на два гады абмежаваньня свабоды 
                      Паўлу Севярынцу афіцыйна паведамілі, што ён не падпадае 
                      пад умоўна-датэрміновае вызваленьне. Адмысловая атэстацыйная 
                      камісія, якая вырашала лёс асуджанага палітыка, у сваім 
                      вэрдыкце адзначыла, што Павал Севярынец «ня стаў на шлях 
                      выпраўленьня, пакаяньня й супрацоўніцтва з адміністрацыяй». 
                     25 жніўня Паўла Севярынца выклікалі ў спэцкамэндатуру 
                      пасёлку Ветрына і абвясьцілі пра адмову ўва ўмоўна-датэрміновым 
                      вызваленьні. Пра прычыны распавёў «Свабодзе» сам былы лідэр 
                      «Маладога фронту».  
                    (Севярынец: ) «Рашэньне ўтрымлівала фармулёўку, што я ня 
                      стаў на шлях раскаяньня, выпраўленьня і супрацоўніцтва з 
                      адміністрацыяй. Мяне адмыслова перапыталі, ці не раскайваесься 
                      ты ў тым, што зрабіў 18-19 кастрычніка, я пасьмяяўся і сказаў, 
                      што яны яшчэ будуць раскайвацца ў тым, што цяпер робяць. 
                      Гэтак, пасьля мілай размовы, усё скончылася. Рашэньне ў 
                      іх было падрыхтаванае, яно прымалася без майго ўдзелу, было 
                      спушчанае зьверху».  
                    Намесьнік начальніка спэцкамэндатуры Аляксандар Драб патлумачыў 
                      «Свабодзе», што Паўлу Севярынцу адмовілі ўва ўмоўна-датэрміновым 
                      вызваленьні, бо ён своечасова не ўступіў у адну зь дзьвюх 
                      сэкцыяў пры камэндатуры: культурна-масавую альбо фізкультурна-спартовую. 
                      Камісія пры камэндатуры, якая разглядала магчымасьць датэрміновага 
                      вызваленьня Севярынца, расцаніла гэта як нежаданьне перавыхоўвацца. 
                      Спадар Драб адмоўся даваць агульную характарыстыку Паўлу 
                      Севярынцу.  
                    «Хімікі», што адбылі палову тэрміну пакараньня і якія вызначыліся 
                      ўзорнымі паводзінамі ды працоўнай дысцыплінай, маюць права 
                      на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Павал Севярынец ня меў 
                      заўвагаў датычна дысцыпліны і, адбыўшы палову тэрміну, мог 
                      быць вызвалены датэрмінова.  
                    Сёньня ж спадар Севярынец атрымаў трохдзённы адпачынак. 
                      Першапачаткова яму быў дазволены пяцідзённы адпачынак, і 
                      23 жніўня ён мусіў выехаць у Віцебск, дзе жывуць бацькі. 
                      Аднак, паводле Севярынца, гэтым днём у Віцебск павінна была 
                      прыехаць дэлегацыя АБСЭ. З гэтай нагоды адпачынак скарацілі 
                      на два дні, і ён змог выехаць да бацькоў толькі сёньня. 
                     
                    Нагадаю, Павал Севярынец быў асуджаны на тры гады «хіміі» 
                      за арганізацыю мітынгаў пратэсту супраць вынікаў рэфэрэндуму 
                      2004 году. Пазьней год з гэтага тэрміну зьнялі паводле амністыі. 
                      Малады апазыцыйны лідэр ужо адбыў год на «хіміі» ў вёсцы 
                      Малое Сітна Полацкага раёну. Ён працуе стропальшчыкам на 
                      пагрузцы драўніны. «Праца ня столькі цяжкая, колькі небясьпечная», 
                      — кажа пра свой цяперашні занятак Павал Севярынец. 
                     
                     Радыё Свабода 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |