|    28.08.2006  | 
                   25 жнiўня ўдава тэлеаператара Дзмiтрыя 
                      Завадскага, якi быў гвалтоўна скрадзены 7 лiпеня 2000 года, 
                      другi раз выйшла замуж. Напярэдаднi Святлана Завадская дала 
                      эксклюзiўнае iнтэрв'ю журналiсту «Народнай волi»: 
                     — Святлана, многiя, калi даведвалiся, што ты афiцыйна 
                      збiраешся заключыць шлюб, даволi катэгарычна заяўлялi: навошта 
                      гэта, жылi б так, не прыцягвалi да сябе ўвагi... 
                     — Мы вырашылi не толькi афiцыйна заключыць шлюб, але i 
                      зрабiць вяселле. I не таму, што мне гэтага вельмi хацелася, 
                      што я не магла без гэтага, — сказала мне Святлана. — Спачатку 
                      мы думалi, што цiхенька распiшамся i ўсё. Але потым нават 
                      сваякi настаялi на тым, каб мы зрабiлi вяселле. Напрыклад, 
                      за апошнi час у маёй сям'i адбылося тры пахаваннi. Атрымлiваецца, 
                      што ўсе сваякi сустракаюцца толькi на такiх сумных мерапрыемствах. 
                      I мы падумалi, што нашае вяселле — магчымасць сабраць нашых 
                      родных i блiзкiх з прыемнай нагоды. Да таго ж мой абраннiк 
                      жэнiцца ўпершыню. I я пайшла на гэты крок яшчэ i з-за яго... 
                     — А ты ўпэўнена, што ўсе цябе зразумеюць, шчыра парадуюцца? 
                      Цябе не палохаюць размовы за спiнай, абгаворы, асуджэннi? 
                     — Я ўжо столькi перажыла, што разумею: абгавораў i плётак 
                      баяцца не варта. Людзi ўсё роўна будуць гаварыць, хочацца 
                      табе гэтага альбо не. Я прыйшла да высновы, што ўсiм дагадзiць 
                      немагчыма. Таму думаю не пра тое, хто i што скажа, а перш 
                      за ўсё пра сябе i пра сваё дзiця. Сяргей цалкам разумее, 
                      якая трагедыя адбылася ў маiм жыццi i падтрымлiвае мяне 
                      ва ўсiм. Ён вельмi паважае Дзiму i кажа, што саступiў бы 
                      мяне толькi яму. Думаю, што з дапамогай Сяргея я здолею 
                      больш зрабiць для таго, каб даведацца, што адбылося з Дзiмам. 
                      Так што няхай прадстаўнiкi беларускай улады не думаюць, 
                      што калi Завадская выйшла замуж, значыць, яна ўсё даравала 
                      i супакоiлася. Я супакоюся толькi тады, калi атрымаю адказ 
                      на пытанне, якое задаю паўсюль ужо больш за шэсць гадоў: 
                      «Дзе Дзмiтрый Завадскi?». Цяпер побач са мной ёсць 
                      чалавек, якi зможа не толькi дапамагчы, але i абаранiць 
                      мяне. 
                     — А як сын ставiцца да таго, што ты другi раз бярэш 
                      шлюб? 
                     — У прынцыпе, гэта менавiта Юра падштурхнуў мяне да вяселля. 
                      I жартам, i ўсур'ёз ён гаворыць: «Калi б не я, мама, то 
                      выгнала б ты свае шчасце...» Яны з Сяргеем як сябры. 
                      I мне прыемна, што памiж iмi лiтаральна з першага дня склалiся 
                      такiя адносiны. Сярожа ставiцца да яго, як да свайго сына. 
                      Лiтаральна праз некалькi тыдняў пасля нашага знаёмства Сяргей 
                      зрабiў Юры даволi дарагi падарунак. Калi я выказала сваё 
                      здзiўленне, ён проста адказаў: «Твой сын — гэта мой сын». 
                      Гэта фраза шмат значыла для мяне. Бо я ведаю, што многiя 
                      мужчыны могуць забяспечыць дзiця фiнансамi, але далёка не 
                      кожны ўскладзе на сябе функцыi бацькi. А Сяргей змог гэта 
                      зрабiць. Пры гэтым Юра добра разумее, што Дзiма быў, ёсць 
                      i застанецца для яго родным бацькам. 
                     — Ты параўноўваеш Сяргея з Дзiмам? 
                     — Не ведаю, прыемна будзе гэта чуць Сяргею альбо не, але 
                      адкажу шчыра: параўноўваю. Падчас нават у дробязях. Здагадваюся, 
                      Сяргей гэта адчувае. Бо некалькi разоў я назвала яго Дзiмам. 
                      Мне падабаецца, што ён з разуменнем да гэтага ставiцца, 
                      бо некаторыя мужчыны, калi я ў iх прысутнасцi ўзгадвала 
                      Дзiму, рэагавалi даволi нервова, нават крыўдавалi. 
                     — Мяркую, рашэнне зноў выйсцi замуж далося табе нялёгка... 
                     — Так. Я разважала паўгода. Сяргей двойчы прапаноўваў 
                      мне руку i сэрца. I ўсе пытаннi, якiя ты цяпер задаеш мне, 
                      мучылi мяне саму. I мне трэба было знайсцi адказы на iх. 
                      I прыняць правiльнае рашэнне. Усе ведаюць, якi лёс напаткаў 
                      Дзiму. Шкада, вельмi шкада яго. Але ж мне з сынам трэба 
                      жыць. Альбо я вызначаю свой асабiсты лёс, свой спакой i 
                      жаночае шчасце, альбо раздумваю аб тым, што скажуць iншыя. 
                      А што ўсе гэтыя гады бачылi людзi? Яны бачылi мяне на розных 
                      акцыях, канферэнцыях. I толькi мой сын бачыў мае слёзы i 
                      адзiноту. I калi з'явiўся Сяргей, толькi Юра зразумеў, што 
                      гэты чалавек павiнен надоўга затрымацца ў нашым доме... 
                      Рашэнне аб шлюбе я прымала разам з сынам i мамай. Я рада, 
                      што Юры — 15 гадоў, што ён ужо дарослы i ўсё разумее. I 
                      калi я сказала, што мы не будзем рабiць вяселля, то першы, 
                      хто абурыўся, быў менавiта сын. Ён сказаў: «Як гэта не будзе 
                      вяселля? А я хачу, каб было!». Я зразумела, наколькi 
                      для яго гэта важна, калi Юра сказаў, што першы раз у жыццi 
                      на маё вяселле апране касцюм i гальштук. Хаця касцюмы ён 
                      увогуле цярпець не можа i нiколi не апранае: у яго спартыўны 
                      стыль адзення! 
                     — А як адрэагавалi на навiну Iрына Красоўская i Зiнаiда 
                      Ганчар? 
                     — З Зiнай Ганчар мы даўно не размаўлялi. А вось Iрына 
                      падтрымала мяне i павiншавала. На жаль, яна не змагла прысутнiчаць 
                      на вяселлi... Таксама Людмiла Карпенка даслала з Нямеччыны 
                      сваё вiншаванне. Я не хачу хаваць iнфармацыю пра вяселле. 
                      Не жадаю, каб першым аб тым, што я выйшла замуж, паведамiў 
                      Лукашэнка цi Беларускае тэлебачанне, як гэта было ў выпадку 
                      з Iрынай Красоўскай. Я хачу сама расказваць пра гэта. Можа, 
                      нехта лiчыць, што больш чэсна жыць з палюбоўнiкам, ад усiх 
                      хавацца i пры гэтым рабiць выгляд нецалаванай жанчыны. Я 
                      так не хачу. I не разумею тых, хто мяркуе, што, выходзячы 
                      замуж, я ледзь не злачынства здзяйсняю. Ведаю, што Дзiмы 
                      няма ў жывых, ён не вернецца i я проста ўладкоўваю сваё 
                      далейшае жыццё. Але, паўтаруся, гэта не значыць, што ўсё, 
                      што было ў маiм жыццi да гэтага шлюбу, будзе забыта. Справа 
                      нашай сям'i высветлiць, што здарылася з Дзiмам. Дарэчы, 
                      у маiм жыццi былi мужчыны, якiя казалi: ды кiнь ты гэтую 
                      справу, усё роўна нiчога не даб'ешся, лепш выходзь за мяне 
                      замуж, будзеш жыць шчаслiва i багата. Але я так не магу... 
                     — Цяпер ты адчуваеш сябе больш спакойна? 
                     — Так. Самае галоўнае — побач са мной разумны, сур'ёзны 
                      i шчыры чалавек. За гэтыя шэсць гадоў я навучылася цанiць 
                      прыемныя дробязi. Цяпер Сяргей робiць так, каб прыемнага 
                      ў маiм жыццi стала шмат... 
                      
                     Абраннiк Святланы Завадскай — сустаршыня незарэгiстраванай 
                      арганiзацыi «Малады фронт» Сяргей Бахун: 
                     «Мы пазнаёмiлiся ў Лiтве, — гаворыць Сяргей. — Па шчырасцi, 
                      я закахаўся ў Святлану нашмат раней. Я чытаў амаль усе яе 
                      выступы ў розных газетах, у тым лiку i ў «Народнай волi». 
                      Некаторыя фрагменты яе iнтэрв'ю дагэтуль ведаю напамяць. 
                      Яна мне вельмi падабалася па фотаздымках. Я думаў: добра 
                      было б з ёй пазнаёмiцца, хаця б проста павiтацца, а потым 
                      недзе сустрэцца, як два знаёмыя чалавекi. Мы сустрэлiся 
                      выпадкова. I калi пабачыў яе, то адразу падумаў, што яна 
                      такая, якой я ўяўляў яе ў сваiх марах. З майго боку гэта 
                      было каханне з першага погляду. Я разумеў, што жыву ў Брэсце, 
                      яна — у Мiнску, што мне будзе цяжка дабiцца яе рукi. Але 
                      я ўсе свае рэсурсы i энергiю накiраваў на тое, каб быць 
                      з ёй разам. Я здагадваюся, што яна ўвесь час параўноўвае 
                      мяне з Дзiмам. Калi вырашыў прапанаваць ёй руку i сэрца, 
                      параiўся з бацькам. Ён сказаў, што Святлана — асоба, якой 
                      давялося шмат чаго перажыць. Што яе могуць раздражняць у 
                      маiх паводзiнах нейкiя дробязi: напрыклад, як я стаўлю кубак. 
                      Я адказаў, што буду ставiць кубак так, як ёй падабаецца. 
                      I ўсё буду рабiць так, як яна хоча, толькi б яна была шчаслiвай...» 
                     Дарэчы, у кватэры, дзе жыве Святлана, побач з тэлевiзарам 
                      стаiць вялiкi фотаздымак Дзмiтрыя Завадскага. Света гаворыць, 
                      што яго прынёс Сяргей... 
                    
                     
                      Марына Коктыш 
                      Народная воля 
                    На фото (© Дмитрий Гадюко) Светлана Завадская 
                      и Сергей Бахун в день свадьбы. Внимание: гражданская инициатива 
                      «Мы помним» является обладателем эксклюзивного права на 
                      публикацию данной фотографии. Републикация фотографии без 
                      предварительного согласования запрещена. 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |