Лiст з такiмi пытаннямi ў апошнi дзень 
                      жнiўня Аб`яднаная грамадзянская партыя даслала на iмя А.Лукашэнкi. 
                      АГП патрабуе, каб 16 верасня А.Лукашэнка праз сродкi масавай 
                      iнфармацыi праiнфармаваў грамадскасць аб вынiках расследавання 
                      гвалтоўных знiкненняў Вiктара Ганчара, Юрыя Захаранкi, Анатоля 
                      Красоўскага i Дзмiтрыя Завадскага. «Настаў час альбо чэсна 
                      сказаць, што здарылася сем гадоў таму з лiдэрамi палiтычнай 
                      апазiцыi, а таксама iх калегамi, альбо прызнаць сваю бездапаможнасць 
                      i незацiкаўленасць у раскрыццi гэтых злачынстваў», — гаворыцца 
                      ў звароце. 
                    «Пры той колькасцi матэрыялаў i дакументаў, якiя былi надрукаваныя 
                      ў сродках масавай iнфармацыi, а таксама дастатковай наяўнасцi 
                      сведкаў рабiць выгляд глуханямога сляпца — значыць публiчна 
                      пацвярджаць сваю датычнасць да палiтычных забойстваў», — 
                      гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька. 
                    — Я разумею, што хутчэй за ўсё наш лiст пакiнуць без адказу, 
                      — сказаў Анатоль Уладзiмiравiч у iнтэрв`ю «Народнай волi». 
                      — У мяне ёсць такi сумны вопыт супрацоўнiцтва з Аляксандрам 
                      Рыгоравiчам, калi той нават публiчна абяцаў нешта зрабiць, 
                      але не трымаў слова. У прыватнасцi, гэта датычыцца дзейнасцi 
                      вядомага фонду Махмуда Эсамбаева. Лукашэнка на сесii парламента 
                      прылюдна паабяцаў, што прадставiць матэрыялы наконт дзейнасцi 
                      гэтага фонду ў Беларусi, але... Таму мы не цешым сябе iлюзiяй, 
                      што атрымаем адказ ад самога Лукашэнкi цi ад кагосьцi з 
                      высокапастаўленых чыноўнiкаў наконт гвалтоўнага знiкнення 
                      Вiктара Ганчара i Анатоля Красоўскага. Аднак 16 верасня 
                      — гэта нагода яшчэ раз нагадаць аб тым, што здарылася. Нагадаць 
                      аб тым, што ёсць такая праблема. Я лiчу, што калi пастаянна 
                      бiць у званы, то iх голас нарэшце пачуюць... 
                    — У дзень знiкнення Захаранкi, Ганчара, Красоўскага i Завадскага 
                      людзi традыцыйна прыходзiлi на Кастрычнiцкую плошчу...  
                    — Не будзе выключэння i на гэты раз. Наша месца ў гэты 
                      дзень на плошчы, бо мы памятаем... 
                    — Скажыце, Аб`яднаная грамадзянская партыя ўласнымi сiламi 
                      праводзiць пошук дадатковай iнфармацыi па гэтых справах? 
                     
                    — Я лiчу, што матэрыялаў i доказаў ужо дастаткова для таго, 
                      каб пачынаць судовы працэс. Калi не ў Беларусi, то ў Еўропе. 
                    — Пра мiжнародны судовы працэс кажуць ужо не першы год. 
                      Наколькi, па-Вашаму, вялiкая верагоднасць таго, што ён адбудзецца? 
                     
                    — Мiжнародны грамадскi суд абавязкова адбудзецца. I адно 
                      з галоўных пытанняў, якое будзе разглядацца падчас працэсу, 
                      — гэта гвалтоўныя знiкненнi i палiтычныя забойствы апанентаў 
                      беларускага рэжыму. Я не маю нiякiх сумненняў на гэты конт. 
                      Беларускаму юрыдычнаму суду застанецца толькi падтрымаць 
                      прысуд. Я не веру ў тое, што беларуская ўлада не датычная 
                      да знiкненняў гэтых людзей. Калi за сем год яна не знайшла 
                      злачынцаў, не расследавала належным чынам гэтыя знiкненнi, 
                      значыць, яна сама мае да iх дачыненне... 
                    З архiва «Народнай волi» 
                    Старшыня Цэнтральнай выбарчай камiсii Вiктар Ганчар i бiзнесмен 
                      Анатоль Красоўскi не вярнулiся дадому 16 верасня 1999 года. 
                      Яны разам вярталiся з лазнi па вулiцы Фабрычнай. Пазней 
                      недалёка ад месца iх гвалтоўнага знiкнення былi знойдзены 
                      асколкi шкла джыпа «Чероки”, якi належаў Красоўскаму. 
                    З матэрыялаў крымiнальнай справы №110351: 
                    «Пры аглядзе месца здарэння — тэрыторыi, прылягаючай да 
                      будынка лазнi па вул.Фабрычнай, 20а, — на асфальтавым пакрыццi 
                      дарогi, якая вядзе ад лазнi на вул. Фабрычную, былi знойдзены 
                      асколкi шкла белага i жоўтага колеру, восып празрыстага 
                      шкла i бурыя плямы, падобныя на кроў. Знойдзены таксама 
                      сляды тармажэння аўтамашыны i след яе ўдару аб дрэва, з 
                      якога ўзяты ўзоры фарбы чырвонага колеру». 
                    Як паказала экспертыза, шкло i фарба сапраўды належаць 
                      машыне Красоўскага. А «бурыя плямы, падобныя на кроў», — 
                      па заключэннi экспертаў — кроў чалавека групы 0 (1). Геномная 
                      экспертыза з верагоднасцю 99,9998% устанавiла, што кроў 
                      належыць Вiктару Ганчару. 
                    У сродках масавай iнфармацыi паведамлялi, што знайшоўся 
                      сведка, якi ў дзень знiкнення Ганчара i Красоўскага каля 
                      лазнi бачыў чырвоную БМВ, у якой сядзелi тры чалавекi. А 
                      жанчына, якая працавала ў лазнi, узгадала, што чула крыкi 
                      аб дапамозе, шум, мужчынскiя галасы... 
                    З заключэння следчай групы: 
                    «З вялiкай верагоднасцю можна зрабiць вывад аб тым, што 
                      аўтамашына Красоўскага А.С. была спынена пры выездзе з лазнi. 
                      Пасля чаго А.Красоўскi i В.Ганчар насiльна былi скрадзены 
                      нявысветленымi асобамi i звезены ў невядомым накiрунку. 
                      Аднак у ходзе следства не высветлены далейшы лёс Ганчара, 
                      Красоўскага, а таксама асоб, якiя iх скралi». 
                    З рапарта былога кiраўнiка Галоўнага ўпраўлення Крымiнальнай 
                      мiлiцыi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi генерала Мiкалая 
                      Лапацiка: 
                    «Акцыя захопу i далейшага знiшчэння Захаранкi ажыццяўлялася 
                      групай ваеннаслужачага спецназа на чале з Паўлiчэнкам (камандзiр 
                      ваеннай часцi 3214). Па аналагiчнай камбiнацыi 16.09.1999 
                      года Паўлiчэнка i яго група правялi акцыю захопу i знiшчэння 
                      В.Ганчара i А.Красоўскага. Мяркуемае месца пахавання трупаў 
                      — спецучастак на Паўночных могiлках”. 
                    Як сцвярджае былы кiраўнiк СIЗА №1 Алег Алкаеў, Ганчар, 
                      Красоўскi i Захаранка былi забiты з так званага расстрэльнага 
                      пiсталета, якi выдаваўся па загадзе былога мiнiстра ўнутраных 
                      спраў Ю.Сiвакова. 
                    З даклада спецдакладчыка Хрыстаса Пургурыдэса: 
                    «Расстрэльны пiсталет, якi захоўваўся ў спадара Алкаева, 
                      якi ажыццяўляў у Беларусi смяротныя пакараннi, двойчы выдаваўся 
                      ў перыяды, якiя супадаюць са знiкненнямi Захаранкi 7 мая 
                      1999 года, Ганчара i Красоўскага 16 верасня 1999 года. 
                    Улады не могуць прадставiць альтэрнатыўнага тлумачэння 
                      часовых канфiскацый пiсталета». 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |