Сённьня — Дзень салідарнасці журналістаў. 
                    На Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў, бадай, ніхто 
                      з калегаў не забывае ўзняць тост. А ці кожны памятае вытокі 
                      гэтай каляндарнай даты? 
                      Наўмысна пазбягаю слова «свята». Хутчэй гэта мемарыяльны 
                      дзень. Ён абраны ў 1958 годзе кангрэсам Міжнароднай арганізацыі 
                      журналістаў на знак памяці пра загіблага ў фашыстоўскай 
                      катавальні Юліуса Фучыка. 
                      Мы не проста ўшаноўваем подзвіг нязломнага публіцыста, аўтара 
                      слыннага «Рэпартажу з пятлёй на шыі». Пафас Міжнароднага 
                      дня салідарнасці журналістаў скіраваны супраць любых рэпрэсій, 
                      якія, на жаль, і сёння абрынаюцца на людзей адной з самых 
                      небяспечных гуманітарных прафесій. Каб цвярдзей супрацьстаяць 
                      цемрашалам, нам варта шчыльней гуртавацца. 
                     Беларусь, паводле свежага дакладу праваабарончай організацыі 
                      «Фрыдам Хаус», фігуруе ў ліку самых рэпрэсіўных краінаў 
                      свету — побач з Гаіці, Зімбабве, Кітаем, Кубай, Лівіяй, 
                      Паўночнай Карэяй, Суданам, Туркменістанам, Узбекістанам, 
                      Эрытрэяй... 
                     Заўважце: іншых еўрапейскіх дзяржаў у пераліку няма. Беларусь 
                      — сапраўды «чорная дзірка» кантынента, адметнага панаваннем 
                      дэмакратычнага ладу. Тутэйшыя ўлады здабылі сабе герастратаву 
                      славу ўжываннем адмысловага арсеналу задушэння вольнага 
                      слова — ад пагібельных для выданняў штрафаў да адпраўкі 
                      журналістаў на «хімію». 
                      Гэты арсенал не зачахлёны і па сёння. Таму беларускія незалежныя 
                      журналісты працягваюць пісаць свае рэпартажы з метафарычнай 
                      (і то дзякуй богу!) пятлёй на шыі. 
                     Тыя, хто піша не на загад вярхоў, адчуваюць, бы вяроўку 
                      на горле, пагрозу судовых пазоваў ад прадстаўнікоў высокага 
                      чынавенства. А таксама пагрозу быць збітым ці трапіць у 
                      пастарунак падчас гарачых вулічных падзеяў (што масава здаралася 
                      на выбары мінулай вясною). І нават пагрозу загрымець за 
                      краты паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. 
                     Актывізаваліся і тыя групоўкі (або выкарыстальнікі іх 
                      брэнду), што, мусіць, нераўнадушныя да ідэйнай спадчыны 
                      катаў Юліуса Фучыка. Злавесныя лісты атрымалі не так даўно 
                      ў рэдакцыі «Витебского курьера М» і баранавіцкай газеты 
                      «Intex-press». 
                     А тым часам былы міністр унутраных спраў на старонках 
                      выдання, арыентаванага на супрацоўнікаў МУС, заклікае засвоіць 
                      рацыянальнае зерне з «кодэксу гонару афіцэра», напісанага... 
                      Адольфам Гітлерам! 
                      Але на гэта ў высокіх кабінетах — нуль увагі. Затое маракуюць, 
                      як спрытней прыціснуць рэшту непадкантрольных медыяў ды 
                      іх супрацоўнікаў. Незалежная журналісцкая супольнасць адсечана 
                      ад працэсу падрыхтоўкі зменаў у медыя-заканадаўства. Між 
                      тым з вуснаў чынавенства гучаць заявы, што наводзяць на 
                      трывожныя думкі. Напрыклад, пра намер «упарадкаваць» найболей 
                      вольную на сёння сферу Інтэрнэту. Як у нас умеюць «упарадкаваць», 
                      мы добра вывучылі на ўласнай скуры. 
                     Што ж да прафесійнай салідарнасці, то гэта праблема сама 
                      па сабе складаная. Бо ў любой творчай супольнасці дзейнічае 
                      моцны канкурэнтны чыннік. «Уваткнуць кнот» — справа гонару. 
                     Але ж у айчыннай журналістыцы найперш дзейнічае іншы чыннік 
                      — палітычны. І падзяляюцца працаўнікі нашага цэху не паводле 
                      таленту, а паводле прынцыпу лаяльнасці. Свежы прыклад такой 
                      палітыкі — правядзенне 3 верасня фестывалю кнігі і прэсы 
                      ў Паставах. Дзеячы пры пасадах палічылі, што недзяржаўным 
                      медыям там няма чаго рабіць. Як казаў герой Ільфа і Пятрова: 
                      «Кіса, мы з табой чужыя на гэтым свяце жыцця!». 
                     Тым, хто працуе ў незалежнай прэсе, не варта, аднак, паддавацца 
                      барыкаднай псіхалогіі. Насамрэч у прафесійнай журналістыкі 
                      — агульныя крытэры. І ў дзяржаўных СМІ працуе шмат таленавітых, 
                      сумленных калегаў, якія цураюцца прапагандысцкага бруду. 
                      Зрэшты, тыя, хто ліжа пяткі начальству і топчацца па рэбрах 
                      ягоных непрыяцеляў, — таксама, прызнаем, адмыслоўцы, нават 
                      віртуозы. Толькі іншага профілю. Так што сённяшняя дата 
                      — не іх дзень. 
                     А мы ўздымем келіхі за тое, каб не было ніякіх петляў 
                      на горле незалежнай прэсы. 
                      
                    Алесь Уладамірскі 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |