|    13.09.2006  | 
                   Былы муж Сьвятланы Завадзкай, журналіст 
                      Зьміцер Завадзкі, зьнік 7 ліпеня 2000 года. Паводле беларускай 
                      апазыцыі і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, да гэтага 
                      маюць дачыненьне высокія беларускія службоўцы. 
                    Сьвятлана Завадзкая – адна зь лідэраў арганізацыі “Мы памятаем”, 
                      у лютым 2006 года разам зь Ірынай Красоўскай яна была прынятая 
                      ў Белым Доме прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. 
                    З адукацыі Сьвятлана – мадэльер-канструктар жаночага адзеньня. 
                    У інтэрвію "Свабодзе" Сьвятлана сказала: 
                    "Можа, гэта будзе гучаць і банальна, але як дзіця, 
                      я веру ў добрых і шчырых людзей, што іх больш, і што на 
                      іх трымаецца сусьвет. Жадаю я пераменаў у маёй Беларусі, 
                      каб кіравалі ёю добрасумленныя людзі. Каб мой сын Юрась 
                      жыў у свабоднай краіне. І не баяўся, што калі ён прышпіліць 
                      бел-чырвона-белы значак, яго за гэта яго могуць звольніць 
                      з інстытуту. Вось у гэта я веру і гэтага жадаю". 
                       
                    Тэкст онлайн-канфэрэнцыi зь Сьвятланай Завадзкай на Радыё 
                      свабода: 
                     
                    [ 11/09/2006 16:46 ]  
                      Прывiтанне Святлана! Хачу вас спытаць... Чаму вы і вашыя 
                      таварышы "па ідэі" (Халiп, Iвашкевiч, Сасiм i 
                      усё "пакаленне джынс") ствараеце культ з Дзён 
                      салідарнасці і асаблiва з "джынса" (маю на ўвазе 
                      фэст)? Канешне, салiдарнасць - гэта сьвятое,, але ж не на 
                      столькі.... Ці ведаеце вы, што "джынс" як сымбаль 
                      нашай рэвалюцыі не прымае ВЕЛЬМІ ВЯЛІКАЯ колькасць людзей! 
                      Фактычна , распаўсюджваннем ідэі "джынсавай рэвалюцыі" 
                      займаецца толькі не iснуючы рух ЗУБР. Выбачыце, але гэта 
                      яшчэ не пакаленне... Дарэчы, зараз гэта вельмi нагадвае 
                      акцыі БРСМа. Усе ж ведаюць, што "джынсавая рэвалюцыя" 
                      з трэскам правалілася... Так, менавіта ПРАВАЛIЛАСЯ! Нiякай 
                      рэвалюцыi "у галавах" не было. там быу толькi 
                      жах. Я не разумею, навошта адраджаць няўдалыя ідэі?!. Навошта 
                      дзейнiчаць метадамi рэжыма??... Спадзяюся, што пасля прыходу 
                      да ўлады дэм. сілау, нам не будуць кожныя пяць хвілін паказваць 
                      па тэлевізары нашых "герояў у барацьбе з рэжымам" 
                      і беларусаў не будуць сілком заклікаць паліць свечкі кожны 
                      месяц! ....спадзяюся..... Ну, у любым выпадку, Я За СВАБОДУ 
                      i колер маёй рэвалюцыi - БЕЛЫ! Дзякуй, з Днем салiдарнасьцi 
                      вас!  
                     
                    Добры дзень. Дзякуй за пытаньне.  
                    Нягледзячы на тое, які колер рэвалюцыі хто прымае: Вы прымаеце 
                      БЕЛЫ, я прымаю БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ, нехта ДЖЫНСАВЫ… Але ў незалежнасьці 
                      ад таго, які колер мы выбіраем для ідэі, згадзіцеся, што 
                      перамены вельмі патрэбныя нашай Беларусі. А ставіць сьвечкі 
                      ці не, гэта права, а не абавязак, і прымусу тут ніякага 
                      ня мусіць быць. 
                    Вы сьцьвярджаеце, што рэвалюцыя з трэскам правалілася. 
                      Я не магу з Вамі пагадзіцца. Стаўцеся да гэтага як да пачатку 
                      рэвалюцыі. На плошчы сярод тысячаў беларусаў была я, мой 
                      сын Юрась і шмат маіх блізкіх і сяброў. І туды нас прывёў 
                      ня колер, а імкненьне да пераменаў. І ў тых, хто знайшоў 
                      у сабе сілы прыйсьці туды, рэвалюцыя “ў галовах” ужо пачалася. 
                      Я лічу, што ў тыя дні быць на плошчы АБАВЯЗАНЫ былі ўсе 
                      сумленныя людзі нашае краіны – і гэта ня подзьвіг ці гераізм. 
                      Згодная з Вамі, што ня варта было прысвойваць рэвалюцыі 
                      імя "джынсавая", бо ў кожнага яна была свая. Але 
                      ў той жа час аб’ядноўвала нас салідарнасьць у імкненьні 
                      да пераменаў і да таго, што мы хацелі і хочам жыць у свабоднай 
                      краіне. І кожны цяпер, пасьля тых падзеяў, можа знайсьці 
                      нейкія хібы. Але я лічу, што варта шукаць у тых падзеях 
                      і ў сёньняшняй барацьбе ня тое, што нас разьядноўвае, а 
                      тое, што нас аб’ядноўвае. Таму менавіта й лёзунг Я ЗА СВАБОДУ 
                      стаўся агульным для ўсіх нас!  
                    Не разумею, чаму Вы вырашылі, што мае таварышы “па ідэі” 
                      – гэта толькі Халіп, Івашкевіч, Сасім, пакаленьне джынс 
                      і неіснуючы ЗУБР… Яшчэ мае таварышы – Мілінкевіч, Хадыка, 
                      Арлоў, Шушкевіч, Вячорка, Калякін, Лябедзька, існуючы "Малады 
                      Фронт" і шмат іншых сумленных беларусаў. Я здольная 
                      падтрымаць любую здаровую ініцыятыву, але не бяздумна, а 
                      толькі тады, калі яна дапаможа нам усім наблізіць “Дзень 
                      пераменаў” і ні ў якім разе не раскалоць дэмакратычныя сілы. 
                     
                       
                    [ 11/09/2006 18:54 ]  
                      Сьвятлана, выказваю салідарнасьць з Вашым змаганьнем. 
                      І пытаньне. Ваш муж нейкі час працаваў аператарам у Лукашэнкі. 
                      Ці расквазваў ён што-небудзь пра яго як пра чалавека, якое 
                      ён (Лукашэнка) рабіў уражаньне "за кадрам"?  
                      
                    Добры дзень! Дзякуй за салідарнасьць. 
                    Так, сапраўды, Дзіма працаваў апэратарам у Лукашэнкі ад 
                      1994 да 1997 г. Але ж ведаеце, што тычылася яго прафэсійных 
                      абавязкаў, тут ён стараўся ні з кім не дзяліцца сваімі думкамі. 
                      Можа быць, таму, што сям’я для яго была сям’ёю, а праца 
                      – працаю, і тут ён вельмі выразна праводзіў мяжу. Адно дакладна 
                      памятаю, што калі Дзіма сыходзіў ад Лукашэнкі і я яго запытала, 
                      чаму, Дзіма адказаў: “Я не хачу, каб людзі мне плявалі ў 
                      твар”.  
                      [ 11/09/2006 20:53 ]  
                      Пытаньні да Святланы Завадскай: Паважаю мужнасьць вашага 
                      загінуўшага мужа, і вашу ў сувязі з тым пазыцыю. Улада сьвядома 
                      рыхтуе гвалтаўнікоў, катаў і забойцаў дзеля абароны сябе 
                      любімай, як была выразна прадэманстравана у выпадку з вамі 
                      падчас акцыі, а затым з цэлай калёнай моладзі, жанчын і 
                      старых пасьля выбараў. Ваш выпадак стаў вітрынай стаўленьня 
                      улады да апанэнтаў. Ці ўдалося высьветліць імя гэнага “героя”. 
                      Якія наступствы былі для яго і для вас? Дзед.  
                      Прозьвішча таго “героя”, які мяне ўдарыў у твар – Давідовіч 
                      Ю.М., баец АМАПу, здаецца, сяржант. Ведаеце зараз бязь жарту 
                      да таго інцыдэнту нельга ставіцца. Таму што па матэрыялах 
                      справы гэта ня ён мяне біў, а я зьбіла двух АМАПаўцаў. Спачатку 
                      я нібыта біла АМАПаўца Марцінкевіча, а затым мне "пад 
                      раздачу" патрапіў і сам Давідовіч. І, як вырашыў суд 
                      Цэнтральнага раёну г.Менску, у той дзень, 7-га ліпеня 2005 
                      году, супрацоўнікі АМАПу мяне і пальцам не чапалi. 
                    А калі сур’ёзна, гэта быў сапраўдны жах. Бо сёньняшнія 
                      суды могуць апраўдаць любыя злачынствы ўладаў, якія б відавочныя 
                      яны ні былі. І далей наша судовая сыстэма становіцца ўсё 
                      горш і горш. Асаблівыя прыклады таму – судовыя працэсы над 
                      моладзьдзю пасьля сакавіцкіх так званых выбараў у прэзыдэнты. 
                     
                      
                    [ 11/09/2006 20:53 ]  
                      Зьнікненьне Завадскага прыпісваецца СОБРаўцу, кіраўніку 
                      паўфашысцкай арганізацыі РНЕ Ігнатоўскаму, які па іншых 
                      справах садзіць пажыцьцёва ў вязьніцы. Як вы ставіцеся да 
                      гіпотэзы, што ў сувязі зь небывалай актыўнасьцю РНЕшнікаў 
                      апошнім часам, загадкавымі акалічнасьцямі сьмерці дыпляматаў 
                      зь Літвы і Польшчы ён (Ігнатоўскі), можа, ужо зноў на волі? 
                      Дзед  
                     
                      Я ведаю дакладна тое, што сама чытала ў недзяржаўнай прэсе 
                      і чула ад некаторых юрыстаў. Ігнатовіч (не Ігнатоўскі) зараз 
                      знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Ён там зараз у вельмі кепскіх 
                      умовах, і як распавядалі яго родныя, гэтыя ўмовы вельмі 
                      адмоўна ўплываюць на яго здароўе. Улады спадзяюцца і чакаюць, 
                      што ён памрэ, і гэта будзе вельмі зручны варыянт, бо тады 
                      Ігнатовіч ніколі ня зможа даказаць сваю невінаватасьць. 
                      Я не лічу, што пасьля таго, што з Ігнатовічам ужо зрабіла 
                      турма, ён ніколі ня стане ў шэрагі забойцаў. Але гэта толькі 
                      маё суб’ектыўнае меркаваньне. Што зараз з Ігнатовічам – 
                      дакладна мне не вядома.  
                     
                      [ 11/09/2006 21:33 ]  
                      Sviatlana, ne haceli b vy kinuc use i zjehac za miazhu, 
                      jak Zaharanka, Krasouskaja, tysiachy inshyh? Shto vas trymaje 
                      u Belarusi? Baleslau, Hrodna  
                     
                    Гэта вельмі складанае пытаньне. Таму, што я разумею – такім 
                      людзям як я заставацца ў Беларусі небясьпечна. Але я разумею 
                      й тое, што я апошняя з удоў, якая займаецца справай зьніклых 
                      тут, у Беларусі. Я адчуваю, што на мне ляжыць вялікая адказнасьць 
                      і я сёньня патрэбная сваёй краіне. А яшчэ, у дадатак да 
                      ўсяго, я нядаўна прачытала на Свабодзе, што такі паважаны 
                      і знакаміты чалавек як Уладзімер Арлоў верыць у будучыню 
                      Беларусі і ў мяне ў тым ліку. Ну і як пасьля ўсяго гэтага 
                      зьедзеш?  
                     
                      [ 11/09/2006 21:38 ]  
                      Sveta, shto vy vedajece pra asudzanyh u sprave zniknennia 
                      Zmicera -- jany siadziac za kratami ci uzho na voli? BX 
                       
                     
                      Я ўжо адказвала на падобнае пытаньне. Па маіх зьвестках, 
                      Ігнатовіч зараз адбывае пакараньне ў Жодзінскай турме. У 
                      дадатак я ведаю, што адзін з тых, хто праходзіў па справе 
                      аб зьнікненьні Зьміцера, Савушкін, летась быў адпушчаны 
                      на волю. На сайце “Беларускага партызана” www.belaruspartizan.org 
                      было цікавае інтэрвію зь ім.  
                     
                      [ 12/09/2006 00:06 ]  
                      Sviatlana, dobry dzien. Sto dla vas zjaulajecca sensam zyccia? 
                      Dziakuj, Alena.  
                     
                      Добры дзень, Алена. 
                    Я вельмі сямейны чалавек. І таму сэнс жыцьця для мяне – 
                      гэта шчасьце і спакой у маёй сям’і.  
                    А ў глябальным паняцьці сэнс жыцьця для мяне – Свабода 
                      і Адраджэньне маёй Беларусі. Бо бяз гэтага і ў маёй сям’і 
                      няма спакою.  
                     
                      [ 12/09/2006 10:35 ]  
                      Шаноўная спадарыня Сьвятлана, хачу павіншаваць Вас і 
                      Сяржука Бахуна са шлюбам. Памятаю, гады з паўтары таму браў 
                      інтэрвію ў Сяржука і пераканаўся, які гэта мужны і адначасова 
                      лагодны і душэўны чалавек. Жадаю Вам шчасьця! Перадавайце 
                      прывітаньне Сяржуку. Маё пытаньне да Вас: чым бы Вы хацелі 
                      займацца, калі ў Беларусь прыйдзе сапраўдная свабода? Ці 
                      ёсьць у Вас мара - у прафэсыйным пляне? З павагай, Алесь 
                      Кудрыцкі  
                     
                      Прывітаньне, Алесь! 
                    Дзякуй за віншаваньне. Мне Сяржук аб Вас распавядаў і нават 
                      даваў чытаць тое інтэрвію ў Нашай Ніве. 
                    А што тычыцца пытаньня. Я вельмі мару аб тым часе, калі 
                      прыйдзе Свабода на Беларусь, і мы зможам усе сябе рэалізаваць 
                      у прафэсійным пляне. Я ведаю, што многія з тых, хто зараз 
                      у апазыцыі, займаюцца палітыкай выключна ў сілу абставін. 
                      Па першай адукацыі я мадэльер-канструктар жаночага адзеньня 
                      і заўсёды марыла, каб у мяне была свая крама моднага адзеньня. 
                      Але зараз я атрымліваю адукацыю палітоляга, і таму пакуль 
                      дакладна ня ведаю, якая з дзьвюх маіх адукацыяў больш спатрэбіцца 
                      свабоднай Беларусі.  
                     
                      [ 12/09/2006 13:15 ]  
                      Святлана, як успрыняли Ваш новы шлюб Вашыя близкия, знаёмыя, 
                      а таксама маци Дзмитрыя Завадскага?  
                     
                      Усе блізкія і знаёмыя ўспрынялі мой новы шлюб станоўча. 
                      Мы з маім мужам Сяржуком яшчэ да гэтага часу прымаем віншаваньні 
                      з нагоды вясельля. Хаця я ведаю, што ня ўсім наш шлюб даспадобы. 
                      Але гэта, я лічу, могуць быць толькі тыя людзі, якія ня 
                      здольныя паставіць сябе на маё месца і зразумець, што ў 
                      любым выпадку жыцьцё працягваецца, якім бы сумным і горкім 
                      яно ні было раней. І кожны чалавек хоча быць шчасьлівым 
                      зараз, а не калі-небудзь у другім жыцьці.  
                     
                      [ 12/09/2006 17:00 ]  
                      Sveta, Chym zajmajecca vash syn? Kim hocha stac? Alina 
                      Paulava  
                     
                      Юрась зараз вучыцца ў дзясятай клясе. Цікавіцца інфарматыкай 
                      і тэхнікай. Але заўсёды кажа, што будзе прэзыдэнтам. Што 
                      тычыцца майго меркаваньня, то я б хацела, каб Юрась пайшоў 
                      па прафэсійнаму шляху ягонага таты і зьвязаў свой лёс з 
                      тэлевізійнай журналістыкай. На жаль, зараз у Беларусі няма 
                      незалежнай тэлевізіі, і таму разьвівацца прафэсійна на Радзіме 
                      сёньня немагчыма. Спадзяюся, у хуткай будучыні такая магчымасьць 
                      зьявіцца.  
                     
                      [ 12/09/2006 17:23 ]  
                      Раскажыце пра сустрэчу з Бушам. Якое ён зрабіў на Вас 
                      уражаньне? Ці пагаджаецеся Вы зь меркаваньнем, што Буш-малодшы 
                      - недалёкі чалавек?  
                     
                      Джордж Буш пакінуў у мяне ўражаньне разумнага чалавека, 
                      у якога вельмі добрае пачуцьцё гумару. Напрыклад, пра Біла 
                      Клінтана не казалі, што ён недалёкі чалавек, але ж я сумняюся, 
                      што Клінтан ведае аб Беларусі больш, чым, Джордж Буш-малодшы. 
                      Таму мае ўражаньні сфармаваліся менавіта з гэтага падыходу. 
                      Я лічу, што чуткі аб недалёкасьці Буша-малодшага былі “запушчаныя” 
                      крамлёўскімі СМІ. Многія крытыкуюць Джорджа Буша за вайну 
                      ў Іраку, але ніхто ня ведае, што зрабіў бы ён сам на месцы 
                      Буша пасьля жудаснай трагедыі 11-га верасьня, гадавіна якой 
                      была на гэтым тыдні.  
                     
                      [ 12/09/2006 17:29 ]  
                      Шаноўная Сьвятлана, ці маюць нейкі рэальны і канкрэтны 
                      эфэкт акцыі салідарнасьці, якія праводзяцца 16-га кожнага 
                      месяца?   
                     
                      Я ня ведаю, які канкрэтны эфэкт ад акцый 16-га хто чакае. 
                      Але для мяне, як для ахвяры гэтага рэжыму, гэты дзень вельмі 
                      важны, таму што я адчуваю салідарнасьць шматлікіх людзей, 
                      якія думаюць і падтрымліваюць усіх, хто пацярпеў ад гэтай 
                      улады. Кожны месяц 16-га такія акцыі праводзяцца ня толькі 
                      ў Беларусі, але і ў ЗША і краінах Эўропы. І гэта нагадвае 
                      ўладам Беларусі, што за падзеямі ў Беларусі ўважліва сочаць 
                      па ўсім сьвеце. І паверце мне, гэта варта таго. Давайце 
                      ўспомнім, што яшчэ гадоў пяць таму, аб Беларусі мала ведалі 
                      ў сьвеце, а зараз нас падтрымліваюць усе цывілізаваныя краіны. 
                      І гэта ўсё дзякуючы падобным ініцыятывам. Я спадзяюся, што 
                      ўсе нашыя акцыі важныя, і жадаю, каб яны наблізілі нас да 
                      перамогі.  
                    [ 12/09/2006 19:00 ]  
                      Паважаная Сьвета! Я хачу Вас папросту павіншаваць з тым, 
                      што Вы нарэшце ўладкавалі сваё асабістае жыцьцё :) Вы гэтага 
                      заслугоўваеце: любая жанчына мае права быць шчасьлівай. 
                      Усяго Вам самага добрага і віншаваньні з нагоды шлюбу! Алена. 
                        
                     
                      Алена! Шчыры дзякуй Вам за добрыя словы і за тое, што Вы 
                      мяне разумееце.  
                    [ 12/09/2006 19:13 ]  
                      Сьвятлана! Як Вы ставіцеся да крытыкі? Сяржук  
                     
                      Я сама вельмі крытыкую сябе. Таму да крытыкі стаўлюся вельмі 
                      добра, калі я адчуваю, што нешта мне патрэбна выправіць 
                      у сабе, у маі хсправах. Я радая і дзякую ўсім за тое, калі 
                      мне робяць нейкія заўвагі.  
                      
                    [ 12/09/2006 19:14 ]  
                      Сьвятлана! Скажыце калі ласка, што Вы чытаеце? Якія газэты, 
                      часопісы, кнігі? Хто ў Вас Любімы журналіст, паэт і пісьменьнік? 
                      І яшчэ, якую кніжку Вы марыце прачытаць, але адкладваеце 
                      гэта па самых розных прычынах? Дзякуй! Сяржук  
                    З газэтаў я чытаю "Народную Волю", "Нашу 
                      Ніву", "Моладзевую думку", "Салідарнасьць" 
                      - усіх не ўзгадаю, але чытаю многа, і шмат чытаю інтэрнэт-выданьняў. 
                      Што да кніг, то на маім вясельлі прысутнічаў такі вялікі 
                      чалавек як пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Ён падараваў нам 
                      некалькі кніг, і адну зь іх, "Сланы Ганібала", 
                      я зараз чытаю. Гэта вельмі цікавая кніга, яна складаецца 
                      зь невялічкіх эсэ, якія былі напісаныя за 15 гадоў, і калі 
                      іх чытаеш, здаецца, што яны было напісаныя сёньня, але потым 
                      глядзіш дату і бачыш, што эсэ было напісанае 15 год таму, 
                      але ня страціла сваёй актуальнасьці ані сёньня. Што да любімага 
                      пісьменьніка, то прыярытэты з гадамі мяняюцца,  
                     
                     
                     
                     
                     
                       
                     
                     
                     |