У Латвіі пачаліся акцыі на знак салідарнасьці 
                      зь беларускай апазыцыяй. Сябры правай партыі «Новы час» 
                      ладзяць марафоны ў майках з сымболікай «Вялікі джынсавы 
                      фэст 16 верасьня». Марафоны адбудуцца ў розных гарадах краіны. 
                      На 16 верасьня заплянаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў. 
                     У акцыях, якія адбываюцца ў розных гарадах Латвіі ўдзельнічаюць 
                      сыны былога палітвязьня Міхаіла Марыніча Ігар і Павал. Першая 
                      эстафэта-марафон адбылася 7 верасьня пад лёзугам: «Дэмакратыя 
                      супраць цынізму». Ігар і Павал прыйшлі на акцыю ў майках 
                      з надпісам: «Вялікі джынсавы фэст». Прэсавы сакратар «Новага 
                      часу» Дзіджыс Смітс — з бел-чырвона-белым сьцяжком. Гэты 
                      сьцяжок пранесьлі як эстафэтную палачку ад Рыгі да Вэнтспілсу. 
                      Ігар Марыніч паведаміў «Свабодзе»:  
                    (Марыніч:) «Для нас акцыя Салідарнасьці з сем’ямі палітвязьняў 
                      мае вялікае значэньне. Дэпутаты Сэйму ад «Новага часу» былі 
                      першымі, хто напісаў ліст у падтрымку нашага бацькі, калі 
                      яго арыштавалі. Дэпутат Эўрапарлямэнту Алдзіс Кушкіс з’яўляецца 
                      намесьнікам Багдана Кліха ў дэлегацыі Эўрапарлямэнту па 
                      сувязях з Беларусьсю і аўтарам шматлікіх ініцыятываў у падтрымку 
                      нашай барацьбы. Напярэдадні «Джынсавага фэсту» латвійскія 
                      дэмакраты правядуць яшчэ некалькі эстафэт, а на 16 верасьня 
                      заплянаваныя сюрпрызы. Я толькі ведаю, што адным зь іх будзе 
                      трансляцыя «Песьняў Свабоды» на латвійскіх FM-станцыях». 
                     
                    Уплывовая латвійская правая партыя «Новы час» і партыя 
                      «Беларускі народны фронт» 7 верасьня падпісалі пагадненьне 
                      аб супрацоўніцтве.  
                    Аляксандар Васільеў і Валеры Леванеўскі пасьля выхаду на 
                      волю былі ў Рызе на запрашэньне сяброў партыі «Новы час». 
                     
                    Латвійскія партнэры распрацоўваюць праграму дапамогі беларускім 
                      палітрэпрэсаваным і іх сем’ям. Дзеці апазыцыянэраў, якія 
                      адбывалі арышты ў часе выбарчай кампаніі, паедуць на аздараўленьне 
                      ў Латвію. Латвійскі ўрад прыняў рашэньне аб прыёме на вучобу 
                      студэнтаў, адлічаных у Беларусі за ўдзел у акцыях апазыцыі. 
                      Пакуль гэта 10 месцаў, але ў наступным годзе квота будзе 
                      павялічаная. 
                     
                    Любоў Лунёва 
                      Радыё Свабода  
                       
                     
                     
                     |