Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч 
                      не атрымаў умоўна-датэрміновага вызваленьня. 
                     Дакумэнты, якія былі падрыхтаваныя кіраўніцтвам папраўчай 
                      установы ў Баранавічах, так і не дайшлі да суду.  
                    4 верасьня палітыка пад канвоем даставілі з Баранавічаў 
                      ў Мар'іну Горку, а пасьля — ў камэндатуру вёскі Блонь. На 
                      новым месцы ягоны працоўны дзень доўжыцца ад 6:30 да 23:00 
                      без перапынкаў на абед і выходных.  
                    «Паводле такога раскладу не працуе ніводны з «хімікаў». 
                      Але я вытрымаю: я чалавек загартаваны, маю добрую фізычную 
                      падрыхтоўку. А галоўнае: адчуваю маральную падтрымку маіх 
                      сяброў і паплечнікаў па сацыял-дэмакратычнай партыі, усіх 
                      людзей, якім дарагая Беларусь і дэмакратыя», — заявіў Мікола 
                      Статкевіч.  
                    «За апошні месяц мяне спрабавалі напаіць, а пасьля вазілі 
                      здаваць аналіз крыві на ўтрыманьне алькаголю. Мяне настойліва 
                      запрашалі паўдзельнічаць у пікеце, які пасьля маёй адмовы 
                      не адбыўся. Далей: калі я выходзіў на працу, мяне пачалі 
                      кантраляваць ня толькі супрацоўнікі камэндатуры, але і «сэксоты» 
                      мясцовага КГБ. Спрабавалі наладзіць бойку з маім удзелам». 
                     
                    Паводле Статкевіча, галоўная мэта ўладаў — адцягнуць дату 
                      вызваленьня.  
                    Мікола Статкевіч асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі за 
                      арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў 
                      рэфэрэндуму і парляманцкіх выбараў у 2004 годзе. Болей за 
                      год ён адпрацаваў у папраўчай установе адкрытага тыпу пры 
                      Баранавіцкім РУУС. 
                    
                     
                      Радыё Свабода 
                     
                     
                       
                     
                     
                     |