Польскі рэжысэр Міраслаў Дэмбіньскі са 
                      студыі «Эвэрэст» у супрацоўніцтве з першай праграмай Польскага 
                      тэлебачаньня стварыў гадзінны дакумэнтальны фільм «Урокі 
                      беларускай мовы. Моладзь супраць Лукашэнкі». 
                    На гэты момант прайшло два камэрныя паказы фільма ў Рызе 
                      і Вільні, польскай прэм’еры яшчэ не было. У аснове фільма 
                      расповед пра жыцьцё вучняў закрытага Беларускага гуманітарнага 
                      ліцэю імя Якуба Коласа цягам апошніх гадоў, іх удзел у палітычным 
                      жыцьці, пікам якога становяцца выбары прэзыдэнта 2006 года 
                      і пасьлявыбарчыя пратэсты. 
                    Аўтар наўмысна пэрсаніфікаваў свой расповед, які вядзецца 
                      ад імя выпускніка ліцэю Франака Вячоркі. Перш за ўсё я спытаў 
                      Міраслава Дэмбіньскага, у чым была ягоная мэта пэрсаніфікацыі 
                      беларускіх падзеяў праз асобу Франака Вячоркі: 
                    (Дэмбіньскі: ) «Мяркую, што Франак з’яўляецца фантастычным 
                      героем, цікавым чалавекам, якога варта паказаць. А, па-другое, 
                      калі мы ў фільме бачым аднаго героя, пазнаем яго з прыватнага 
                      боку, то нам лягчэй сябе атаясаміць з ім, чуць тое, што 
                      ён чуе. І сувязь гледача з тым, што адбываецца, будзе глыбейшай. 
                      Для людзей, якія не заангажаваныя ў беларускую сытуацыю, 
                      лепшай дарогай яе зразуменьня з’яўляецца Франак, а не напрыклад, 
                      Мілінкевіч, які таксама прэзэнтуецца ў фільме. Калі глядач 
                      палюбіць Франака, а я такое заданьне сабе паставіў, ён будзе 
                      перажываць ягоныя праблемы глыбей і эмацыйней». 
                    Прагледзеўшы эмацыйныя сцэны пра масавыя пратэсты ў Менску 
                      пасьля выбараў, пра разгоны акцыяў і пра арышт грамадзян, 
                      я пацікавіўся ў спадара Дэмбіньскага пра ягоны досьвед працы 
                      ў Беларусі ў часе выбараў. 
                    (Дэмбіньскі: ) «Я быў чатыры разы ў Менску да выбараў цягам 
                      году, маючы турыстычную візу, здымаў беларускія падзеі знутры, 
                      тое, як моладзь да іх рыхтуецца. Але ў той момант, калі 
                      адбывалася тая галоўная «бітва», у сакавіку, на мяжы мяне 
                      і яшчэ аднаго апэратара затрымалі, высадзілі з цягніка і 
                      вярнулі ў Варшаву. Але два чалавека са здымачнай групы здолелі 
                      выехаць у Менск. І ўпершыню за 20 гадоў працы я вымушаны 
                      быў рэжысэраваць фільм праз мабільны тэлефон, увесь час 
                      з імі быў ў кантакце. А адзін раз мелі мы тэлемост з Мілінкевічам 
                      праз інтэрнэт. Гэта, дарэчы, знак часу, што ўжо не ўдаецца 
                      цалкам заблякаваць краіну… Ну а пасьля ўсіх падзей адзін 
                      з сябраў здымачнай групы Пётр Дудановіч адбыў 15 сутак на 
                      Акрэсьціна». 
                    Я папрасіў спадара Дэмбіньскага раскрыць галоўную творчую 
                      задумку ў фільме, які мае катэгарычны падзагаловак «Моладзь 
                      супраць Лукашэнкі»: 
                    (Дэмбіньскі: ) «Відавочна, што сакавіцкія падзеі з’яўляюцца 
                      кульмінацыйным момантам фільму, але я меў амбіцыі шырэй 
                      паказаць Беларусь з пэрспэктывы маладых людзей, у вельмі 
                      драматычны момант. Паказаць, як выглядае беларуская рэчаіснасьць. 
                      І я спадзяюся, што мне ўдалося падаць больш чым толькі інфармацыю 
                      аб тым, што было ў сакавіку, што праз паказ таго, як маладыя 
                      людзі дзейнічаюць, вучацца ў падпольлі, як яны запісваюць 
                      дыскі, раздаюць незалежную прэсу, як яны будуюць незалежнасьць 
                      і змагаюцца за сьвядомасьць іншых беларусаў, — рэчаіснасьць 
                      выяўляецца глыбей, чым у інфармацыйнай перадачы». 
                    У канцы размовы з аўтарам фільма «Урокі беларускай мовы» 
                      Міраславам Дэмбіньскім я спытаў яго, чаму сярод шасьці моўных 
                      вэрсіяў фільму (беларускай, польскай, ангельскай, францускай 
                      і нямецкай) няма расейскай? 
                    (Дэмбіньскі: ) «Пакуль няма… Маёй марай было б, каб расейскае 
                      тэлебачаньне паказала гэты фільм. Адносна таго, што паказвае 
                      расейскае тэлебачаньне аб падзеях у Беларусі, такі фільм 
                      мог бы быць цікавым, магчыма, кантравэрсыйным… Ды я б яшчэ 
                      даплаціў, каб расейскае тэлебачаньне гэты фільм паказала. 
                      Прадаючы фільм заходнім тэлеканалам, я чакаў бы ўвагі і 
                      зь таго боку». 
                    Спадар Дэмбіньскі паведаміў, што мае ўжо дамовы пра паказ 
                      фільму на тэлеканалах Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і 
                      Харватыі. Копіі прапанаваныя яшчэ 74 буйнейшым тэлекампаніям 
                      Эўропы і Амэрыкі, вядуцца перамовы з буйнымі дыстрыбутыўнымі 
                      фірмамі, якія працуюць на розных фэстывалях. Год таму спадар 
                      Дэмбінскі выпусьціў фільм пра Аранжавую рэвалюцыю ва Ўкраіне, 
                      у будучыні зьбіраецца зьняць яшчэ адзін фільм аб Беларусі 
                      пад назвай «Музычная партызанка» — пра беларускую рок-музыку. 
                     
                    
                      
                    Радыё свабода 
                      
                     |