На сядзібе Партыі БНФ адбылося паседжаньне 
                      працоўнай групы кампаніі ў абарону палітвязьняў. Удзельнікі 
                      сустрэчы абмеркавалі сытуацыю, якая склалася вакол моладзевых 
                      лідэраў Зьмітра Дашкевіча і Паўла Красоўскага, а таксама 
                      заплянавалі шэраг акцыяў.  
                    У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі незарэгістраванага 
                      «Маладога фронту», моладзі БНФ, Партыі БНФ, Камітэту ў абарону 
                      рэпрэсаваных, АГП, прадпрымальніцкага руху, праваабронцы. 
                      Сяржук Лісічонак распавёў пра распачатую кампанію ў інтэрнэце, 
                      флэшмобы ў Менску і рэгіёнах, а таксама падзяліўся меркаваньнямі 
                      наконт наступных акцыяў: «Флэшмоб, які мы ладзілі ў суботу, 
                      ня ўдаўся. Міліцыі было нашмат больш, чым удзельнікаў акцыі. 
                      Гэта значыць, на будучыню акцыі трэба рыхтаваць шырокімі 
                      сіламі, а не адной арганізацыяй».  
                    На сустрэчы журналіст Генадзь Барбарыч зачытаў ліст ад 
                      Зьмітра Дашкевіча, у якім той скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня. 
                      Паводле ліста, Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў адной камэры 
                      зь 15 зьняволенымі, сярод якіх хворы на сухоты, гепатыт 
                      і СНІД. Юрыстамі ПЦ «Вясна» ўжо складзены і дасланы зварот 
                      пра парушэньне міжнародных нормаў утрыманьня зьняволеных 
                      у лёнданскі офіс Amnesty International, у Міжнародную арганізацыю 
                      і фэдэрацыю праваабаронцаў. Падобныя звароты будуць накіраваныя 
                      у Чырвоны крыж, у ААН, АБСЭ. 
                     
                    ПЦ «Вясна»  
                      
                       
                     |