У панядзелак 16 кастрычніка акцыі салідарнасьці 
                      з беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых палітыкаў 
                      адбыліся ў Варшаве. Каля пяцідзесяці беларускіх студэнтаў 
                      прыйшлі да беларускай амбасады і паставілі сьвечкі салідарнасьці, 
                      патрабуючы неадкладнага вызваленьня палітычных вязьняў. 
                      Некалькі дзясяткаў беларускіх студэнтаў пікетавалі беларускае 
                      консульства ў Беластоку, трымаючы ў рукох зьнічы й партрэты 
                      зьніклых і арыштаваных. 
                    Сёньняшнія акцыі салідарнасьці былі прысьвечаны беспрэцэдэнтнаму 
                      перасьледу маладых беларускіх палітыкаў — лідэра Маладога 
                      Фронту Зьмітра Дашкевіча, які ўжо больш месяцу знаходзіцца 
                      ў менскім сьледчым ізалятары, і 22-гадовага жодзінскага 
                      маладафронтаўца Паўла Красоўскага, якога пракуратура падазрае 
                      па жудасных артыкулах — згваўтаваньні, масавых забойствах 
                      і тэрарызме.  
                    Падчас акцыяў беларускія студэнты не пакінулі без увагі 
                      й незаконнае закрыцьцё менскай пратэстанцкай царквы «Новае 
                      Жыцьцё». Яны выказалі падрымку і салідарнасьць з вернікамі, 
                      якія ўдзельнічаюць у самай масавай у гісторыі незалежнай 
                      Беларусь галадоўцы. 
                    Гаворыць арганізатар акцыі каля беларускага консульства 
                      ў Беластоку, маладафронтавец Барыс Гарэцкі: «Мы тут, каб 
                      выказаць свой рашучы пратэст супраць беззаконьня і гвалту, 
                      які чыніць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ў нашае краіне. Мы 
                      не жадаем, каб нашыя нашчадкі жылі пры таталітарным строі, 
                      баяліся адкрыта выказваваць свае думкі ці займацца кіраваньнем 
                      сваёй дзяржаваю. Мы падкрэсьліваем, што Лукашэнка зьяўляецца 
                      апошнім крывавым дыктатарам ў дэмакратычнай Эўропе, і мы 
                      зробім усё магчымае, каб найхутчый спыніць ягонае беззаконнае 
                      панаваньне ў нашай краіне. Мы верым, што ў самым бліжэйшым 
                      часе менавіта мы будзем кіраваць сваёй Бацькаўшчынай, і 
                      таму зараз мусім змагацца за свабоду і дэмакратыю на Беларусі. 
                      Свабоду палітвязьням! Жыве Беларусь!» 
                    Арганізатар акцыі каля беларускай амбасады ў Варшаве, маладафронтавец 
                      Сяржук Марчык: «Нажаль зараз мы не маем магчымасьці атрымліваць 
                      вышэйшую адукацыю ў сваёй краіне. Але нават знаходзячыся 
                      ў Польшчы мы не можам забыць пра сваіх арыштаваных сяброў 
                      — герояў, разам з якімі вясною стаялі на Кастрычніцкай 
                      плошчы, дамагаючыся праўды й справядлівасьці. Зараз яны 
                      сядзяць у беларускіх турмах, таму мы выказваем салідарнасьць 
                      з імі і патрабуем: Свабоду палітвязьням!» 
                      
                    Хартия-97 
                     
                     
                     
                     |