Дзень салідарнасці 16 кастрычніка быў адзначаны
ў Нью-Йорку прэзентацыяй п`ес аўтараў, якія ўваходзяць у
склад беларускага калектыва «Свабодны тэатр». Чытка п`ес
была прадстаўленая такімі Нью-Йоркскімі тэатральнымі кампаніямі,
як LAByrinth Theater Company, Naked Angels і Tinderbox,
пры ўдзеле рэжысёра Пола Уіліса. Дзень «Свабоднага тэатра»
прайшоў у рамках фестывалю культурнага праекту Impact. Са
ўступным словам на прэзентацыі п`ес выступіў выдатны брытанскі
драматург Том Стопард, які з`яўляецца апякуном беларускага
«Свабоднага тэатра».
Гэтая падзея, спрадусаваная пісьменнікам і акцёрам Ааронам
Ландсманам, прайшла ў Baruch Performing Arts Center’s Nagelberg
Theater і стала першым знаёмствам з працамі «Свабоднага
тэатра» у ЗША.
Вечар прайшоў пад знакам міжнароднага Дня салідарнасці
з Беларуссю. Кожны тэатральны калектыў паказваў урыўкі адной
з трох п`ес, сярод якіх «Мы. Белівуд» Паўла Пражко, Кастуся
Сцешыка і Паўла Расолькі (Labyrinth Theater Company); «Пакаленне
Jeans» Мікалая Халезіна (Naked Angels); «Ім сніліся сны»
Наталлі Каляды (тэатральны калектыў пад кіраўніцтвам Пола
Уіліса). Усе працы, прадстаўленыя на фэсце, былі перакладзеныя
на ангельскую мову Алегам Шафранавым, Юрыям Калядой і Дзінай
Купчанка.
Пачынаючы вечар, Том Стопард сказаў: «У 70-80х гадах у
Чэхаславакіі былі забароненыя пісьменнікі і акцёры. Гэта
абсалютная аналогія з тым, што адбываецца сёння са «Свабодным
тэатрам» у Беларусі. Там жывуць вельмі таленавітыя і адважныя
людзі. «Свабодны тэатр» — не проста словазлучэнне для мяне:
гэта свабодныя ў сваіх розумах людзі, якія вольныя самі
вырашаць, якія п`есы ім пісаць і якія ставіць. Гэтай свабоды
пазбаўлена большасць беларусаў, але яны не ўваходзяць у
гэтую большасць. Таму я ганаруся сваім сяброўствам з гэтымі
людзьмі і салідарны са ўсімі беларусамі, каму дарага свабода".
У гэты дзень у Нью-Йорку, у рамках 61-й сесіі Генеральнай
асамблеі ААН, праходзіла канферэнцыя, прысвечаная канвенцыі
супраць гвалтоўных знікненняў. Беларусь там прадстаўляла
лідэр грамадзянскай ініцыятывы «Мы памятаем» Ірына Красоская.
Яна, разам з кіраўнікамі арганізацый сваякоў зніклых людзей
з Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі, прысутнічала на гэтым
вечары.
Апошняй чыталася п`еса Наталлі Каляды «Ім сніліся сны»,
якую аўтар прысвяціла Ірыне Красоўскай, і ў якой Ірына з`яўляецца
прататыпам галоўнай гераіні. Гэтая п`еса распавядае аб лёсах
беларускіх жанчын, якія перажылі трагедыю страты самых блізкіх
людзей. Выступаючы перад чыткай п`есы «Ім сніліся сны»,
Ірына сказала: «Я шчаслівая быць тут з маімі сябрамі, якія
падтрымліваюць мяне. Сёння тут разам са мной мае сябры з
Шры-Ланкі, Філіпін, Паўднёвай Афрыкі... Усе мы сабраліся
тут, у Нью-Йорку, каб спыніць гвалтоўныя знікненні ва ўсім
свеце. Я жадаю папрасіць усіх вас аб тым, каб вы памяталі
пра нас – пра Беларусь, бо сёння ў мяне на радзіме арыштоўваюць
і кідаюць у турмы людзей толькі за тое, што яны жадаюць
быць свабоднымі. Я веру, што пройдзе зусім трохі часу, і
свабодным стане не толькі гэты выдатны тэатр, але і ўся
Беларусь».
Наладжвальнік мерапрыемства Аарон Ландсман, тлумачачы людзям,
што сабраліся тут, чаму ён арганізаваў гэты вечар, сказаў:
«Я думаю, што нам важна зразумець: той ціск, тую ізаляцыю,
тыя забароны, з якімі сутыкаюцца нашыя калегі ў Беларусі.
Ці наўрад хтосьці з нас можа ўявіць, што значыць страціць
працу або быць арыштаваным за выказванне свайго меркавання?
Што значыць страціць кагосьці са сваёй сям`і, таму што ён
не згодны з кіруючым рэжымам? Я спадзяюся, што пасля сённяшняй
акцыі салідарнасці, у нас з`явіцца адчуванне таго, што значыць
жыць у такіх умовах».
Хартия-97
|