16 кастрычніка беларусы, што зараз знаходзяцца 
                      ў Празе, а таксама прадстаўнікі чэскага народа, салідарныя 
                      з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй, зноў сышліся, каб 
                      адзначыць Дзень Салідарнасці. У гэты раз месцам для правядзення 
                      акцыі была абрана Крыжоўніцкая плошча каля Карлавага мосту. 
                      Вялікая колькасць удзельнікаў безумоўна была звязаная з 
                      пачаткам акадэмічнага году — акцыю падтрымалі і беларускія 
                      студэнты, якія прыехалі навучацца ва ўніверсітэтах Чэскай 
                      Рэспублікі. А сёмай гадзіне дэманстранты запалілі свечкі, 
                      разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, транспаранты і партрэты 
                      зніклых барацьбітаў з беларускім рэжымам. Актывісты са студэнцкага 
                      асяродку раздавалі ідучым вакол людзям улёткі на чэскай 
                      і ангельскай мовах, распавядаючы пра сітуацыю ў Беларусі. 
                     
                    Спакойны ход дэманстрацыі паспрабавала парушыць група нецвярозых 
                      фанатаў маскоўскага футбольнага клюбу «Спартак». Прыцягнутыя 
                      святлом свечак і людскім натоўпам каля пяці маладых індывідаў 
                      у нецвярозым стане скандыравалі песні і некарэктныя (прарускія) 
                      лозунгі. «Лукашэнка — малойца», — сказаў адзін з фанатаў, 
                      чым яшчэ раз пацвердзіў сімпатыю асобных прадстаўнікоў рускага 
                      народа да беларускага дыктатара. Тым ня менш, дэманстранты 
                      на правакацыі не паддаліся.  
                    Акцыя салідарнасці з Беларуссю скончылася а восьмай гадзіне. 
                      Наступная магчымасць сустрэцца і яшчэ раз звярнуць увагу 
                      на беларускую праблематыку прадставіцца другога лістапада. 
                      На гэты дзень прыпадае беларускае свята Дзяды. «Звяз беларусаў 
                      замежжа» разам са студэнцкай ініцыятывай «Свабодная Беларусь», 
                      якія рэгулярна арганізуюць у Празе Дзень Салідарнасці, плануюць 
                      правесці другога лістапада ўрачыстую акцыю на Альшанскіх 
                      могілках, дзе пахаваны вядомыя прадстаўнікі першарэспубліканскай 
                      беларускай, а таксама украінскай і рускай эміграцыі. 
                      
                    svobodne-belorusko.wz.cz 
                     
                     
                     
                     |