16 кастрычніка ў Баранавічах падчас акцыі
салідарнасьці адным зь міліцыянтаў быў жорстка зьбіты моладзевы
актывіст Зьміцер Палойка. У яго бяз опісу канфіскавалі фотаапарат,
на які ён здымаў акцыю, гаманец зь 50 тыс. рублёў і некаторыя
асабістыя рэчы.
Палойка прабыў у пастарунку цэлую ноч, а раніцай наступнага
дня на адміністратыўным судзе атывіста абвінавацілі ў тым,
што ён лаяўся матам, махаў рукамі ў публічным месцы і зладзіў
бойку зь міліцыянтамі. Палойку быў вынесены прысуд — штраф
у памеры 155 тыс. рублёў. Ніякай мэдычнай дапамогі хлопцу
не аказвалася. Асабістыя рэчы яму таксама не вярнулі.
18 кастрычніка судмэдэкспэртыза паказала, што ў Зьміцера
Палойкі — пералом носу са зьмяшчэньнем косьці.
З дапамогай праваабаронца Сяргея Гоўшы ў пракуратуру падрыхтаваная
скарга. На думку спадара Гоўшы, скаргу павінны задаволіць
і ўзбудзіць крымінальную справу па факце жорсткага зьбіцьця
Палойкі міліцыянтам.
Нагадаем, што Зьміцер Палойка ўжо быў арыштаваны ў Баранавічах
падчас сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі і ў час штурму намётавага
мястэчка ў Менску.
ПЦ «Вясна-96»
|