Суд Ленінскага раёну Менску прызнаў праваабаронцу 
                      Кацярыну Садоўскую вінаватай у абразе гонару і годнасьці 
                      Аляксандара Лукашэнкі. За патрабаванне правесці псіхіятрычную 
                      экспертызу Аляксандра Лукашэнкі, 60-ці гадовая жанчына правядзе 
                      2 гады ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму, паведаміла 
                      «Радыё Свабода». Паводле судовага рашэньня, Кацярына Садоўская 
                      мусіць заплаціць 4 мільёны рублёў кампэнсацыі судзьдзям 
                      Кіраўскага раённага суду (Магілеўская вобласьць). 
                    60-гадовая Кацярына Садоўская ўзначальвае беларускую філію 
                      Пскоўскага рэгіянальнага грамадзкага руху «Веча». Праваабаронца 
                      неаднойчы арганізоўвала пікеты з патрабаваньнем датрыманьня 
                      правоў чалавека ў Беларусі. Яна прысутнічала ў судах, дапамагала 
                      людзям, якія да яе зьвярталіся з просьбаю дапамагчы ім бараніць 
                      свае правы ў пракуратуры і міліцыі. Садоўскую шмат разоў 
                      арыштоўвалі і штрафавалі за праваабарончую дзейнасьць. 
                    Спачатку Кацярыну Садоўскую абвінавачвалі ў тым, што яна 
                      нібыта зьневажала судзьдзю Кіраўскага раённага суду і пагражала 
                      ёй. Падставай для завядзеньня крымінальнай справы стаў запіс 
                      з аўтаадказьніка судзьдзі. Голас на стужцы зьневажае судзьдзю 
                      і згадвае прозьвішча Садоўскай, якая летась бараніла грамадзяніна 
                      Смайлава на працэсе ў гэтай судзьдзі. Да справы далучылі 
                      лісты з пагрозамі і праклёнамі, якія судзьдзя атрымала па 
                      пошце.  
                    Напрыканцы сьледчых дзеяньняў Кацярыну Садоўскую абвінавацілі 
                      і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для гэтай справы 
                      стаў зварот арганізацыі за подпісам Садоўскай ад 21 студзеня. 
                      У ім праваабаронца патрабавала псыхіятрычнай экспэртызы 
                      Аляксандра Лукашэнкі, заклікала да байкоту прэзыдэнцкіх 
                      выбараў і абвінавачвала расейскія спэцслужбы ў падтрымцы 
                      беларускага ўраду. 
                    Прадстаўніца пракуратуры спаслалася на вынікі лінгвістычнай 
                      экспэртызы, згодна зь якімі зьмест ліста ўтрымлівае абразьлівыя 
                      выразы на адрас кіраўніка дзяржавы. У судзе высьветлілася, 
                      што Кацярына Садоўская ліст пісала — і яна ад гэтага не 
                      адмаўлялася, але не пасьпела яго нікому даслаць, бо яе арыштавалі. 
                      Ліст знайшлі падчас ператрусу ў кватэры.  
                    Прадстаўніца пракуратуры прасіла пакараць праваабаронцу 
                      на тры гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі 
                      агульнага рэжыму. 
                    У хворай 60-гадовай жанчыны на ўтрыманьні знаходзяцца 84-гадовая 
                      маці й муж-інвалід.  
                     
                     
                     |