У панядзелак, 23 кастрычніка, у сядзібе 
                      Партыі БНФ адбыўся паказ для журналістаў фільму «Урок беларускай 
                      мовы: маладыя супраць Лукашэнкі». 
                    Кінастужка рабілася на працягу ўсёй выбарчай кампаніі 2005-2006 
                      года. Героі стужкі — маладыя дэмакратычныя актывісты. Яны 
                      раздаюць недзяржаўную прэсу, раскідваюць улёткі, ладзяць 
                      вулічныя акцыі, за гэта іх часта арыштоўваюць. Рэжысэр раскрывае 
                      праблему закрытага Беларускага гуманітарнага ліцэя, навучэнцы 
                      якога нелегальна вучацца й здаюць іспыты экстэрнатам; незалежных 
                      музыкаў, якім закрытая дарога на радыёстанцыі й тэлевізію, 
                      і яны вымушаныя даваць паўпадпольныя канцэрты. 
                    У фінале 52-хвіліннай стужкі акцыя 25 сакавіка, калі сіламі 
                      міліцыі была разагнаная масавая акцыя пратэсту, і будынак 
                      спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка Акрэсьціна, зь якога выходзяць 
                      адзін за адным палітычныя вязьні, асуджаныя за ўдзел у масавых 
                      акцыях пратэсту. 
                    На пытаньне, для каго прызначаны гэты фільм, Дэмбіньскі 
                      адказаў наступнае: «Я хацеў бы рабіць фільм для максымальны 
                      шырокай аўдыторыі. Хацеў зрабіць для ўсіх. Ёсьць пэўная 
                      спэцыфіка, па-свойму робіцца кіно для беларусаў, па-іншаму 
                      — для замежнікаў. Наш фільм аднолькава цікавы для тых і 
                      для тых. Замежнікам я хацеў паказаць праўду пра Беларусь, 
                      у асноўным праз эмоцыі. Змаганьне за свабоду — тэма унівэрсальная, 
                      блізкая ўсім.» 
                    У кастрычніку супольна з польскай тэлефізіяй, некаторымі 
                      недзяржаўнымі арганізацыямі Міраслаў Дэмбіньскі плянуе зладзіць 
                      вялікі канцэрт-кінапрэм’еру ў Варшаве, на якой, як ён мяркуе, 
                      выступяць і галоўныя героі фільму, і NRM, і тыя, хто фільм 
                      рабіў. 
                    Неўзабаве фільм будзе паказаны ў Варшаве, у Ляйпцыгу ў 
                      Нямеччыне, у Амстэрдаме ў Галяндыі, будзе таксама паказ 
                      у Маскве. Пакажа гэты фільм тэлевізія ў Польшчы, Нямеччыне, 
                      Эстоніі, Латвіі, Літвы. 
                    Падчас паказу зь цёплымі й ўзьнёслымі словамі выступіў 
                      намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які таксама 
                      ёсьць адным з герояў фільму Міраслава Дэмбіньскага, які, 
                      ня здолеўшы прыехаць у Беларусь, бо яму не далі візу, прыслаў 
                      у электронным варыянце зварот да гледачоў.  
                      
                    Прэс-служба БНФ 
                      
                     
                     
                     |