Прэзідыўм Савета палітычнай партыі «Наша 
                      Украіна» заяўляе аб недапушчальнасці палітычных пераследаў 
                      прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі, асабліва моладзі, якая 
                      падчас выбарчай кампаніі 2006 года прадэманстравала высокае 
                      палітычнае ўсведамленне і адказнасць за лёс дзяржавы. 
                    Як гаворыцца ў заяўленні прэзідыўма Савета НСНУ, «хваля 
                      рэпрэсій дакранулася да тых, хто пратэставаў супраць аўтарытарызму 
                      і парушэння правоў і свабод чалавека ў Беларусі. Сёння больш 
                      дзесяці вядучых палітыкаў гэтай краіны пазбаўленыя свабоды 
                      з-за сваёй грамадскай і грамадзянскай пазіцыі. Сярод іх: 
                      экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр КАЗУЛІН, які 
                      пачаў бестэрміновую галадоўку ў калоніі пад Віцебскам з 
                      мэтай прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці, палітыкі 
                      Мікалай СТАТКЕВІЧ, Андрэй КЛІМАЎ, моладзевыя лідэры Павел 
                      СЕВЯРЫНЕЦ, Артур ФІНЬКЕВІЧ і іншыя. 30 кастрычніка пачнецца 
                      судовы працэс над лідэрам моладзевай арганізацыі «Малады 
                      фронт» Зміцерам Дашкевічам, якому інкрымінуюць «членства 
                      і лідэрства ў незарэгістраванай арганізацыі». 
                    Акрамя таго, па краіне пракацілася хваля шматлікіх допытаў 
                      сотняў маладых людзей, ганенне іх з боку КДБ і Генеральнай 
                      пракуратуры, выключэнне з вну. Такія метады ўплыву ўлады 
                      Беларусі на грамадскую думку з`яўляюцца ўзорам палітыкі 
                      сілы і ізаляцыі, якая яшчэ больш аддаляе краіну ад сусветнай 
                      садружнасці, згубна адлюстроўваецца на сацыяльна-эканамічным 
                      развіцці. 
                    «Наша Украіна» адзначае, што такія адносіны да грамадзянаў 
                      краіны, да іх законнага права на свабоду думкі і волевыяўлення 
                      супярэчаць дэмакратычным нормам. Мы патрабуем, каб беларуская 
                      ўлада перайшла да канструктыўнага дыялогу з апазіцыяй, паважала 
                      правы і свабоды чалавека, спыніла палітычнае паляванне на 
                      іншадумцаў і вызваліла ўсіх палітычных вязняў Беларусі». 
                       
                    Хартия-97 
                     
                      
                      
                     |