Некалькі соцень ўдзельнікаў сёньняшняга 
                      памінальнага шэсьця ў Курапаты правялі мітынг сярод магіл 
                      ахвяр сталінізму і ўсталявалі ў народным мэмарыяле 12 новых 
                      крыжоў. 
                     Традыцыйна на Дзяды ўдзельнікі шэсьця робяць ў Курапатах 
                      два прыпынкі: ля крыжа Пакутнікам Беларусі, дзе сьпяваюць 
                      гімн «Магутны Божа» і на горцы з крыжамі, якую ў народзе 
                      называюць Беларускай галгофай. Сярод сотняў прысутных была 
                      заўважаная група моладзі з партрэрамі палітвязьняў Зьмітра 
                      Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Паўла Севярынца. На гэта зьвярнуў 
                      увагу адзін з лідэраў КХП БНФ Валеры Буйвал.  
                    (Буйвал: ) «Усе мы сёньня адчулі, што нешта зьмянілася, 
                      а зьмянілася вось што: наперадзе і большасьць з тых, хто 
                      ішоў з намі сёньня — гэта беларуская моладзь. Радуецца душа, 
                      сэрца напаўняецца надзеяй у нашую будучыню, таму што з намі 
                      беларуская моладзь».  
                    Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юры Беленькі разьвіў 
                      гэтую тэму:  
                    (Беленькі: ) «Мы прыйшлі ўшанаваць дзядоў, але гаворым 
                      пра моладзь. Можа гэта парадокс — не! Гэта жыцьцёвая неабходнасьць, 
                      шануючы папярэднія пакаленьні, якія зрабілі ўсё, каб пакінуць 
                      нам гэтую цудоўную зямлю. Мы мусім глядзець наперад, каб 
                      застацца жыць самім, каб жылі нашыя дзеці і ўнукі».  
                    Ад маладых слова далі новаму сябру КХП БНФ Янку Марозаву: 
                     
                    (Марозаў: ) «Хачу сказаць, што нам, беларусам, усім, хто 
                      жыве на гэтай зямлі, і старым і маладым, трэба трымацца 
                      разам. Бо толькі разам мы пераможа, трэба ўшаноўваць памяць, 
                      разам верыць змагацца і ўрэшце рэшт перамагаць».  
                    Выступіў на мітынгу і былы вязень ГУЛАГу Пётар Шашкель, 
                      які 60 год таму ў 2-х гадовым узросьце патрапіў у высылку 
                      ў Краснаярскі край.  
                    (Шашкель: ) «Тысячы, дзесяткі тысяч людзей загінулі ў астрогах, 
                      у лягерах, на лесапавале… У імя загінуўшых я зьвяртаюся 
                      да вас : бараніце нашу краіну, нашу Беларусь».  
                    На мітынгу ў Курапатах быў зачытаны ліст Зянона Пазьняка, 
                      які назваў Дзяды гэта сьвятам і паклясьціся перад продкамі 
                      на вернасьць Айчыне.  
                    Сярод палітычных заклікаў прагучала прапанова кіраўніцтва 
                      КХП-БНФ байкатаваць выбары ў мясцовыя саветы і верагодны 
                      рэфэрэндум наконт Канстытуцыйнага акту так званай Саюзнай 
                      дзяржавы Беларусі і Расеі.  
                    Прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» 
                      прапанавалі прысутным прыйсьці заўтра да будынку суду Кастрычніцкага 
                      раёну Менску і падтрымаць Зьмітра Дашкевіча, якога пачнуць 
                      судзіць паводле палітычных матываў.  
                    Мітынг скончыўся малітвай сьвятара незарэгістраванай Беларускай 
                      аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча і ўсталяваньнем 
                      новых 12 крыжоў. 
                     
                     
                      Валер Каліноўскі 
                      Радыё Свабода 
                      
                      
                     |