Выйшаў новы дакумэнтальны фільм, прысьвечаны 
                      падзеям вакол сёлетніх выбараў у Беларусі. Стужка «У сьнягах 
                      драмае вясна» апавядае пра падзеі пачатку вясны, пэрыяд 
                      да прэзыдэнцкіх выбараў. Стваральнікі фільму рэжысэр Сяргей 
                      Патаранскі і апэратар Сяргей Чырык кажуць, што іх стужка 
                      — частка вялікай карціны, якая прысьвячаецца ўдзельнікам 
                      падзеяў вясны 2006 году. 
                     Значная частка фільму – дакумэнтальныя кадры выступаў 
                      трох кандыдатаў на прэзыдэнта: Аляксандра Казуліна, Аляксандра 
                      Мілінкевіча і Аляксандра Лукашэнкі. Чацьверты кандыдат на 
                      прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч ў фільме не прадстаўлены. Аўтары 
                      фільму выбралі найбольш эмацыйныя фрагмэнты выступаў кандыдатаў 
                      у прэзыдэнты.  
                    Але найбольш уражваюць здымкі ў беларускай глыбінцы. Вось 
                      што гаворыць адзін зь герояў фільму — вясковец, які падтрымлівае 
                      Аляксандра Лукашэнку:  
                    (Вясковец: ) «Скардзіцца няма чаго. Рыгоравіч — маладзец... 
                      Пэнсію ў час дае. Своечасова мы атрымліваем. У кожнага свая 
                      гаспадарка. Хто хоча хораша жыць — той кабанчыка трымае, 
                      курачку, кароўку. І малачко ёсьць, і чарка, і шкварка, як 
                      кажуць».  
                    Удала выкарыстаны прынцып паралельнага мантажу: абяцаньні 
                      Лукашэнкі адрадзіць вёску і словы Казуліна, што вёска вымірае. 
                      Студэнтка родам зь вёскі апавядае, чым жыве сельская моладзь. 
                      Адчуваецца яе настальгія на малой радзіме, але з жалем яна 
                      кажа, што той, хто паступіў вучыцца, у вёску ня вернецца… 
                     
                    (Дзяўчына: ) «Моладзь бавіць час па-звычайнаму. Узімку, 
                      калі тут застаюцца толькі школьнікі, штодня яны вучацца, 
                      а па выходных ходзяць на дыскатэку ў мясцовы дом культуры. 
                      А ўлетку сюды зьяжджаецца шмат моладзі з гарадоў. Звычайна 
                      яны ходзяць сюды. Піць піва. Без усялякай ідэі. Гэтак вельмі... 
                      па-простаму».  
                    У адным з фрагмэнтаў фільму пра свабоду разважаюць навучэнцы 
                      зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю. «Свабода 
                      — павінна быць унутры”. «Свабода — гэта калі трус палюе 
                      на льва». А Беларусь павінна заняць «цэнтральнае месца ў 
                      Эўропе, таму што геаграфічна яна знаходзіцца менавіта ў 
                      цэнтры Эўропы».  
                    А ў цэнтры Беларусі — мястэчка Любча Наваградзкага раёну. 
                      І тое, што засталося ад сярэдневечнага замку. І зноў тая 
                      самая дзяўчына, якая ў выходныя прыяжджае сюды, на малую 
                      радзіму. Яна намагаецца адрадзіць гэты самы замак.  
                    (Дзяўчына: ) «За чатыры гады тут з мясцовай моладзі была 
                      толькі я і часам яшчэ сваю сяброўку заахвочвала. Яна прыходзіла, 
                      але асаблівай актыўнасьці не назіраецца. Нават, калі сюды 
                      на пянькі прыходзяць піва папіць, просіш – дапамажыце! Калі 
                      згаджаюцца, то не болей чым на дзьве хвіліны... Усё зьбягаюць. 
                      Я ўжо 4 гады прымаю ўдзел у працах на замку і спадзяюся, 
                      што пэўную карысьць я прынесла. Прынамсі, сабе — дакладна. 
                      Для мяне сёньня болей цікавай справы не існуе. Бо толькі 
                      тут можна сустрэць сапраўды прасунутую беларускую моладзь... 
                      Вельмі цікава бавіць час».  
                    Далей зноў — прынцып паралельнага мантажу. Кандыдаты сустракаюцца 
                      з выбарцамі. Лукашэнка на трэцім Усебеларускім народным 
                      сходзе. Тэлевыступы Казуліна і Мілінкевіча (у няроўнай прапорцыі, 
                      прыкладна чатыры да аднаго на карысьць Аляксандра Казуліна). 
                      Маці Казуліна, дакумэнтальныя кадры — спроба Казуліна трапіць 
                      на Усебеларускі сход… І прароцкія словы Казуліна:  
                    (Казулін: ) «Я папросту дазволіў сабе трошачкі «дастаць» 
                      нашага прэзідэнта. І калі я яго дастаў… Як прафэсар, даўшы 
                      яму ўрокі… ён раскрыўся ў поўным аб’ёме. Тры з паловай гадзіны 
                      ў часе закрыцьця Усебеларускага сходу адказваў на пытаньні 
                      Казуліна! Я добра ўсьведамляю, што я сьмертнік. Я не баюся 
                      гэта казаць. Паводле інфармацыі, якую я маю, пасьля выбараў 
                      мяне маюць пасадзіць. І вельмі рэкамэндуюць куды-небудзь 
                      зьехаць. Але я нікуды не паеду. Я буду жыць у сваёй краіне 
                      са сваім народам». 
                     
                      Іна Студзінская 
                      Радыё Свабода 
                      
                      
                     |