Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае 
                      крымінальны перасьлед і асуджэньне моладзевага лідэра Зьміцера 
                      Дашкевіча як палітычную расправу за перакананьні і грамадзка-палітычную 
                      дзейнасьць  
                    Мы, сябры Праваабарончага цэнтру «Вясна», выказваем 
                      рашучы пратэст супраць асуджэньня Зьміцера Дашкевіча на 
                      1,5 гадоў пазбаўленьня волі і лічым крымінальны перасьлед 
                      моладзевага актывіста незаконным, парушэньнем правоў чалавека. 
                       
                    Зьміцер Дашкевіч быў затрыманы 15 верасьня 2006 году 
                      і абвінавачаны паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу 
                      Рэспублікі Беларусь (арганізацыя дзейнасьці незарэгістраванай 
                      арганізацыі ці ўдзел у ёй). Больш за месяц Зьміцер незаконна 
                      ўтрымліваўся ў СІЗА у бесчалавечых умовах. Судовы працэс 
                      пачаўся 30 кастрычніка ў судзе Кастрычнікага р-ну г. Мінска 
                      і праходзіў за зачыненымі дзьвярыма ў горшых традыцыях сталінскіх 
                      часоў. На судовы разгляд не дапусьцілі журналістаў, прадстаўнікоў 
                      грамадзкасьці, родных Зьміцера.  
                    Праваабарончы цэнтр «Вясна» заяўляе:  
                    Мы лічым арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь і практыку яго 
                      выкарыстаньня парушэньнем правоў грамадзянаў Беларусі на 
                      свабоду асацыяцыў, свабоду выказваньня меркаваньяў, гарантаваных 
                      Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх 
                      і палітычных правах.  
                    Мы лічым, што з боку міжнароднай супольнасьці і беларускай 
                      грамадзкасьці павінна быць дадзеная адпаведная аценка дзеяньням 
                      канкрэтных асобаў, якія дапускаюць парушэньні правоў чалавека 
                      ў краіне. У прыватнасьці, асобаў, якія непасрэдна займаліся 
                      перасьледам Зьміцера Дашкевіча: судзьдзі суда Кастрычніцкага 
                      р-на г. Мінска Алы Булаш; старэйшага саветніка юстыцыі пракуратуры 
                      Кастрычніцкага р-на г. Мінска Бароўскага, які падтрымліваў 
                      дзяржаўнае абвінавачаньне падчас судовага працэсу; намесьніка 
                      Генеральнага пракурора Беларусі Пруса, які санкцыянаваў 
                      арышт Зьміцера Дашкевіча. 
                    Мы заклікаем прадстаўнікоў АБСЕ, Савета па правах чалавека 
                      ААН, міжнародных праваабарончых арганізацыў зьвярнуць увагу 
                      на сістэматычныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. 
                    Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Зьміцера Дашкевіча 
                      і іншых палітычных вязьняў Беларусі і спыненьня рэпрэсіяў 
                      супраць палітычных апанентаў рэжыму А. Лукашэнкі.  
                      
                      
                     |