Сьветлагорскі раённы суд за запіс у кнізе 
                      заўваг і прапановаў асудзіў былога судзьдзю Сяргея Ярашэвіча. 
                      Сёньня судзьдзя Натальля Белайчук абвясьціла прысуд у крымінальнай 
                      справе супраць яго: С.Ярашэвіч прызнаны вінаватым у абразе 
                      судзьдзяў з Рагачову Ўладзімера Саламейчука і Мікалая Рубісава 
                      і пакараны двума гадамі папраўчых работ з утрыманьнем у 
                      даход дзяржавы 20 працэнтаў заробку. 
                     Гаворыць Сяргей Ярашэвіч:  
                    (Ярашэвіч: ) «У нас апраўдальных прысудаў не бывае. З сыстэмай 
                      немагчыма змагацца. Сваім запісам у кнізе заўваг я паказаў 
                      факт таго, што ў нашай рэспубліцы могуць асудзіць невінаватага 
                      чалавека — ня простага, які далёкі ад юрыспрудэнцыі. Нават 
                      юрыста могуць прызнаць вінаватым, і ён бяспраўны, ён ня 
                      зможа даказаць сваю невінаватасьць. І я як бы стаў ворагам 
                      усёй сыстэмы»,  
                    сказаў былы судзьдзя і адвакат са Жлобіну Сяргей Ярашэвіч. 
                     
                    Мы ўжо распавядалі, што падставай для крымінальнага перасьледу 
                      спадара Ярашэвіча паслужыў ягоны запіс у кнізе заўваг і 
                      прапановаў Рагачоўскага суду. Ён меў неасьцярожнасьць параўнаць 
                      рагачоўскіх судзьдзяў з судзьдзямі 1937 году, якія нібыта 
                      ўчыняюць судзілішча па прынцыпе: быў бы чалавек, а артыкул 
                      знойдзецца.  
                    Сёлета ўвесну згаданыя рагачоўскія судзьдзі пачаргова разглядалі 
                      даволі блытаную крымінальную справу супраць Сяргея Ярашэвіча, 
                      абвінавачанага ў хуліганстве з нанясеньнем лёгкіх цялесных 
                      пашкоджаньняў былому супрацоўніку жлобінскай міліцыі. У 
                      апошняга зь Ярашэвічам склаліся непрыязныя побытавыя дачыненьні. 
                     
                    У Рагачоўскім судзе спадара Ярашэвіча аштрафавалі на 3 
                      мільёны 100 тысячаў рублёў. Разьбіральніцтва і прысуд ён 
                      палічыў неаб'ектыўнымі, таму і ўчыніў запіс у кнізе заўваг 
                      і прапановаў.  
                    У выніку — чарговая крымінальная справа і чарговы прысуд, 
                      прычым першы такі ў краіне. Да гэтага часу, наколькі вядома, 
                      у Беларусі за запісы ў кнігах заўваг, уведзеных у кожнай 
                      установе на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы, нікога да 
                      крымінальнай адказнасьці не прыцягвалі.  
                    Судзьдзя Натальля Белайчук лічыць, што спадар Ярашэвіч 
                      абразіў пісьмова рагачоўскіх судзьдзяў пры ажыцьцяўленьні 
                      імі правасудзьдзя:  
                    (Белайчук: ) «Нашы грамадзяне такія рэчы іншым разам пішуць 
                      — і ў скаргах, і ў кнігах, дазваляюць сабе зашмат, пераходзяць 
                      на асобы. Ня згодны з прынятым рашэньнем, абскарджвай, як 
                      належыць, рашэньне. Навошта ж судзьдзю абражаць?», лічыць 
                      Натальля Белайчук, якая сёньня пакарала былога судзьдзю 
                      Сяргея Ярашэвіча двума гадамі папраўчых работ за запіс у 
                      кнізе заўваг і прапановаў.  
                    Сяргей Ярашэвіч наважаны абскардзіць вырак у вышэйшай судовай 
                      інстанцыі. На яго думку, кніга заўваг для таго і існуе, 
                      каб любы чалавек мог выказаць сваё меркаваньне наконт таго, 
                      як зь ім абыходзіліся тыя ці іншыя дзяржаўныя чыноўнікі, 
                      у тым ліку і судзьдзі, паколькі кнігі заўваг ёсьць і ў судах. 
                      
                    Радыё Свабода 
                     
                      
                      
                      
                     |