Сёньня ў Варшаве, каля будынку прадстаўніцтва 
                      АБСЭ прайшоў пікет, удзельнікі якога патрабавалі ад міжнароднай 
                      супольнасьці націснуць на беларускія ўлады ў справе вызваленьня 
                      палітычных вязьняў і спыненьня перасьледу недзяржаўных арганізацыяў, 
                      у тым ліку Саюзу палякаў Беларусі. 
                     Нягледзячы на моцны дождж, каля дзясятка беларусаў, што 
                      жывуць у Варшаве, прыйшлі да будынку прадстаўніцтва АБСЭ, 
                      што ў цэнтры гораду, побач з амбасадамі вядучых краінаў 
                      сьвету зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі «Свабоду 
                      палітвязьням», «Свабоду Аляксандру Казуліну», «Дыктатара 
                      ў турму».  
                    Удзельнікі пікету перадалі ў канцылярыю прадстаўніцтва 
                      АБСЭ зварот, у якім расказваецца пра сытуацыю палітычных 
                      вязьняў у Беларусі і ўтрымліваецца заклік паўплываць на 
                      беларускія ўлады, каб тыя неадкладна вызвалілі ўсіх асуджаных 
                      паводле палітычных матываў.  
                    (Крыштон: ) «Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандр 
                      Казулін дагэтуль трымае галадоўку. Мы хочам яшчэ раз зьвярнуць 
                      увагу міжнароднай супольнасьці на гэты факт. Таксама патрабуем, 
                      каб у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі былі зробленыя адпаведныя 
                      крокі, каб вызваліць усіх палітвязьняў», — сказаў нашаму 
                      радыё адзін з арганізатараў пікету Ігар Крыштон.  
                    Аналягічны зварот быў перададзены таксама ў канцылярыю 
                      дуаена дыпляматычнага корпусу ў Польшчы, апостальскага нунцыя 
                      арцыбіскупа Юзэфа Кавальчыка.  
                    
                      
                    Радыё Свабода 
                      
                     |