Эўрапейскі зьвяз прыняў адмысловую заяву 
                      наконт выраку для Зьмітра Дашкевіча і зьняволеньня Аляксандра 
                      Казуліна. 
                     «Эўрапейскі зьвяз глыбока занепакоены выракам 1 лістапада 
                      ў справе Зьмітра Дашкевіча. Абвінавачаньні на адрас спадара 
                      Дашкевіча ў тым, што ён кіраваў незарэгістраванай арганізацыяй, 
                      выглядаюць палітычна матываванымі і паказваюць, што беларускія 
                      ўлады ізноў не жадаюць паважаць міжнародныя стандарты ў 
                      галіне правоў чалавека, асабліва што тычыцца права на справядлівы 
                      судовы працэс. Эўразьвяз занепакоены таксама тым, што на 
                      працэс не былі дапушчаныя назіральнікі», — гаворыцца ў заяве. 
                     
                    У дакумэнце адзначаецца таксама, што Эўрапейскі зьвяз ізноў 
                      выказвае занепакоенасьць станам былога кандыдата на пасаду 
                      прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна і заклікае беларускія 
                      ўлады дазволіць сваякам экс-кандыдата і міжнародным назіральнікам 
                      свабодна сустракацца зь ім.  
                    «Эўрапейскі зьвяз заклікае беларускія ўлады неадкладна 
                      вызваліць Зьмітра Дашкевіча, Аляксандра Казуліна, сяброў 
                      «Партнэрства» і іншых палітвязьняў», — гаворыцца ў заяве 
                      Эўрапейскага зьвязу.  
                    Заява прынятая ў сераду ўвечары. Акрамя краінаў, што ўваходзяць 
                      у Эўразьвяз, дакумэнт падпісалі Баўгарыя, Румынія, Турэччына, 
                      Харватыя, Македонія, Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Сэрбія, 
                      Ісляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Украіна і Малдова. 
                     
                     
                    Аляксей Дзікавіцкі 
                      Радыё Свабода 
                     
                      
                      
                      
                     |