16 лістапада, у Дзень салідарнасці з Беларуссю, 
                      Група падтрымкі Беларусі ў Эстоніі асудзіла парушэнні правоў 
                      чалавека ў Беларусі і запатрабавала неадкладна вызваліць 
                      арыштаваных па палітычных матывах актывістаў апазіцыі. 
                    Групу падтрымкі Беларусі ў Эстоніі заснавалі грамадскія 
                      аб’яднанні і назіральнікі, якія знаходзіліся ў Беларусі 
                      падчас прэзідэнцкіх выбараў. З дапамогай Фонда «Адкрытая 
                      Эстонія» група падтрымкі арганізавала акцыі ў Дзень салідарнасці 
                      і раздачу інфармацыйных матэрыялаў пра Беларусь у Таліне, 
                      Тарту і Пярну. 
                    У пачатку лістапада ў Беларусі да 18 месяцаў турэмнага 
                      зняволення быў прысуджаны лідэр моладзевай арганізацыі «Малады 
                      Фронт” Зміцер Дашкевіч, якога абвінавацілі ў «дзейнасці 
                      ад імя незарэгістраванага аб’яднання». Грамадзянскія аб’яднанні 
                      Эстоніі і Група падтрымкі Беларусі асудзілі палітычны вердыкт 
                      суду і заяўляюць аб сваёй салідарнасці з заклікам Еўрапейскага 
                      Звяза і шматлікіх міжнародных арганізацый неадкладна вызваліць 
                      Дашкевіча. 
                    Непасрэдна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 
                      ў сакавіку, у Крымінальны кодэкс Беларусі быў уведзены новы 
                      артыкул, які забараняе ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. 
                      Папраўка да закона з`яўляецца неабгрунтавана строгай і супярэчыць 
                      дэмакратычным прынцыпам.  
                    На падставе гэтага ж артыкула ў жніўні гэтага года да турэмнага 
                      зняволення былі прысуджаныя актывісты грамадзянскай кампаніі 
                      па назіранні за выбарамі «Партнёрства», якія неаднаразова 
                      наведвалі Эстонію. 
                    У Дзень салідарнасці па ўсім свеце людзі выказваюць сваю 
                      падтрымку дэмакратычным сілам у Беларусі і аддаюць даніну 
                      памяці ахвярам рэжыму Лукашэнкі. У Беларусі парушаюцца правы 
                      чалавека і ў Дзень салідарнасці падтрымку выказваюць тым, 
                      хто жадае бачыць сваю краіну свабоднай і дэмакратычнай. 
                      У краіне, якую завуць «апошняй дыктатурай Еўропы», абмежаваныя 
                      правы на свабоду слова і свабоду дзейнасці, а таксама правы 
                      на ўдзел у мірных сходах і працы няўрадавых арганізацый. 
                    Пачатак традыцыі выказваць падтрымку дэмакратычным сілам 
                      Беларусі ў 16 дзень кожнага месяца быў пакладзены ўвосень 
                      мінулага года. У гэты дзень у 20:00 у Беларусі людзі выключаюць 
                      на 15 хвілін у сваіх пакоях святло і запальваюць на вокнах 
                      свечкі. Гэтым рытуалам яны аддаюць даніну памяці дэмакратам, 
                      якія зніклі і загінулі за гады дыктатуры Лукашэнкі, а таксама 
                      выказваюць салідарнасць з ідэаламі свабоды. Акрамя запальвання 
                      свечак, як у Беларусі, так і паўсюль у свеце арганізоўваюцца 
                      акцыі салідарнасці. 
                    
                       
                    Хартия-97 
                     
                      
                      
                      
                     |