16 лістапада ў дзевяці польскіх гарадох 
                      адбыліся акцыі салідарнасьці зь сем`ямі зьніклых беларускіх 
                      палітыкаў і палітвязьнямі. Акцыі салідарнасьці прайшлі ў 
                      Варшаве, Кракаве, Познані, Уроцлаве, Гданьску, Лодзі, Пултуске, 
                      Любліне, Беластоку.  
                    «Менск-Варшава — супольная справа» — гэткім лёзунгам распачаўся 
                      ў Варшаве Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі 
                      ды зьніклымі апанэнтамі ўладаў. Арганізаваў акцыю «Зьвяз 
                      у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі». Удзел бралі палякі ды 
                      беларусы — каля 100 чалавек. Усё пачалося ў цэнтры Варшавы 
                      пад помнікам Дэ Голя, дзе мінакам раздавалі ўлёткі пра акцыю 
                      салідарнасьці і пра лёс Зьмітра Дашкевіча, асуджанага на 
                      паўтары гады зняволеньня за «ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі». 
                     
                    Потым удзельнікі расьцягнуліся абапал вуліцы Новы Сьвят. 
                      Маніфэстанты трымалі зьнічкі, бел-чырвона-белыя сьцягі ды 
                      партрэты Зьмітра Дашкевіча. Праз цэнтральныя вуліцы калёна 
                      дайшла да Замкавага Пляцу, дзе арганізатары паказалі фільм 
                      Паўла Шэрэмэта «Дзікае паляваньне-2». Фільм праецыраваўся 
                      на аглядную вежу на Замкавым пляцы.  
                    У Беластоку акцыя салідарнасьці прайшла ў выглядзе тэатралізаванага 
                      пэрфомансу, падчас якога імправізаваны Аляксандар Лукашэнка 
                      быў арыштаваны уласнай аховаю, а беларускі палітвязень Зьміцер 
                      Дашкевіч вызвалены з турмы па патрабаваньні грамадзкасьці. 
                    Пасьля заканчэньня пэрфомансу яго удзельнікі сталі са сьвечкамі 
                      й партрэтамі палітвязьняў Паўла Севярынца, Артура Фінькевіча, 
                      Міколы Статкевіча, Аляксандра Казуліна, Цімафея Дранчука, 
                      Андрэя Клімава і іншых насупраць беларускага консульства 
                      і патрабавалі іх неадкладнага вызваленьня. Пры гэтым удзельнікі 
                      акцыі завязалі вочы джынсавымі стужкамі.  
                    У Кракаве сваю салідарнасьць зь Беларусьсю выказала ля 
                      50 чалавек. У цэнтры гістарычнага горада ўдзельнікі разцягнулі 
                      банэр «Свабоду палітвязьням» ды запалілі сьвечкі.  
                    Люблін таксама правёў акцыю падтрымкі палітвязьня Зьміцера 
                      Дашкевіча. Людзі сталі з партрэтамі палітвязня пад помнікам 
                      Люблінскай вуніі. Былі запаленыя сьвечкі.  
                    Ва Ўроцлаве ля 20 чалавек з бела-чырвона-белымі сьцягамі 
                      прайшлі галоўнымі вуліцамі гораду, сьпяваючы беларускія 
                      песьні.  
                    Таксама Дзень Салідарнасьці быў адзначаны ў Познані, Лодзі, 
                      Гданьску і іншых гарадох Польшчы. 
                      
                    Хартия-97 
                      
                    На фото: Акция солидарности с Беларусью. Варшава, 
                      16 ноября 2006 
                     
                     
                      
                      
                      
                     |