Мясцовая моладзь сабралася 16 лістапада 
                      а 18-й гадзіне каля помніка Ўладзімеру Караткевічу. Хлопцы 
                      і дзяўчаты запалілі сьвечкі і зьбіраліся прасьпяваць гімн 
                      «Магутны Божа», калі да іх падышлі міліцыянты. 
                     Напачатку міліцэйскі патруль пацікавіўся, што адбываецца, 
                      і пакінуў моладзь. Аднак неўзабаве зьявіліся супрацоўнікі 
                      Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі на чале з начальнікам 
                      аддзелу аховы правапарадку Аляксеем Шаховічам.  
                    У прысутных пачалі правяраць дакумэнты і перапісваць асабістыя 
                      зьвесткі. Мясцовага праваабаронцу Леаніда Сьвеціка, журналіста 
                      радыё «Рацыя» Вадзіма Баршчэўскага і старшыню абласной арганізацыі 
                      Партыі БНФ Кастуся Смолікава затрымалі, бо у іх не было 
                      з сабою пашпартоў.  
                    Супрацоўнікі Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі праверылі 
                      па кампутарнай базе асабістыя дадзеныя затрыманых. Пазьней 
                      міліцыянты прывялі яшчэ аднаго затрыманага — моладзевага 
                      актывіста Сьцяпана Кудзянава, ягоныя асабістыя дадзеныя 
                      таксама занатавалі. 
                     Ніякіх пратаколаў у пастарунку складаць ня сталі, аднак 
                      выказалі сваё незадавальненьне паводзінамі затрыманых: Сьвеціка, 
                      Смолікава і Баршчэўскага абвінавацілі ў падбухторваньні 
                      моладзі да парушэньня грамадзкага парадку.  
                     
                      Радыё Свабода 
                     
                      
                      
                     |