3 снежня ў Менску адбыўся флэш-моб,
прысвечаны міжнароднаму дню адмены рабства. Моладзевыя актывісты
сабраліся недалёка ад станцыі метро «Фрунзенская», пасля
чаго накіраваліся ў бок рэстарацыі «Макдональдс» на вуліцы
Няміга, і далей — да кафэ «Максібіс». Маладыя людзі, нібы
рабы, ішлі з завязанымі вяроўкамі рукамі. Узначальваў працэсію
чалавек у белай масцы з чорнымі вусамі. На галаве ў яго
была апранутая чырвона-зялёная кепка, сам ён быў абчэплены
«залатымі» медалямі за першыя месцы ў хакейных і лыжных
кубках.
Падчас акцыі былі раздадзеныя ўлёткі, якія апісваюць «шкоду
сістэмы ўсюдыіснага дзяржаўнага прымусу і ўмяшання»: выкарыстанне
кантрактнай сістэмы для прыгнячэння палітычных апанентаў,
прымусовае студэнцкае размеркаванне і г.д.
Ніхто з удзельнікаў акцыі затрыманы не быў.
Хартия-97
|